Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У сярэдзіне 1980-х жалезная заслона дзяліла Еўропу на дзве часткі, савецкая імперыя падавалася вечнай, а камуністычная ідэалогія ціснула на ўсе сферы жыцця. Але нават у несвабоднай краіне ўнутрана свабодныя людзі знаходзілі спосабы і магчымасці для самавыяўлення. Паэт Фелікс Аксёнцаў (аўтар тэкстаў беларускіх рок-гуртоў «Бонда», «Крама» і першых трох альбомаў культавага ULIS) і мастак Аляксандр Крыгель — абодва цяпер жывуць за акіянам — расказалі нам, як разварушвалі сонны Мінск. Шэрасці паўсядзённага жыцця яны супрацьпаставілі яркія акцыі, каб хоць на імгненне «выдраць» познесавецкае грамадства з руціны.

Фелікс Аксёнцаў і Аляксандр Крыгель нарадзіліся ў Мінску: першы — у 1964-м, другі — у 1965 годзе. Жылі ў адным двары (гэта быў раён вуліц Някрасава і Ламаносава) і сябравалі з ранняга дзяцінства, хадзілі ў адну школу. У інстытуты пайшлі розныя: Фелікс — у радыётэхнічны (цяпер гэта БДУІР), Аляксандр — у політэхнічны (БНТУ), але сябраваць не перасталі.

— Я пісаў вершы і рок-тэксты, мы разам пісалі прозу. Саша маляваў і займаўся перакладамі (замежнай літаратуры, у асноўным з польскай мовы. — Заўв. рэд.), якія так і не былі апублікаваныя, — успамінае Аксёнцаў. Свайго сябра ён часцей называе Алексам, і мы далей будзем рабіць гэтаксама.

Пасля шматлікіх гадоў эміграцыі Крыгелю, які не застаў беларусізацыю пачатку 90-х, было б складаней гаварыць па-беларуску, чым Аксёнцаву, таму размова вялася па-руску. Пераключыць моўную версію можна ўверсе старонкі.

«Пабочным прадуктам» творчых захапленняў маладых людзей сталі хэпенінгі (ад англ. happening — «тое, што здараецца»). Так называюць форму сучаснага мастацтва: у тэатральным сэнсе гэта перанос дзеяння ў рэальную прастору з уключэннем гледачоў у ход «спектакля», а ў шырэйшым значэнні — гэта дзеянні, падзеі ці сітуацыі, якія адбываюцца імправізавана з удзелам мастака, аўтара, але не кантраляваныя ім цалкам.

— З аднаго боку, забава, а з іншага — арт-акцыі, — адзначае Аксёнцаў. У хэпенінгах, якія яны з Алексам ладзілі ў Мінску, маглі ўдзельнічаць не толькі яны самі, але і іх сябры — часам да 15−20 чалавек.

Феликс Аксёнцев, Минск, 7 июля 1990 года. Фото: из личного архива, автор Владимир Парфенок
Фелікс Аксёнцаў, Мінск, 7 ліпеня 1990 года. Фота: з асабістага архіва, аўтар — Уладзімір Парфянок

«Сын Станіслава Лема»

— Калі мне параілі зрабіць з вамі інтэрв'ю, то ў першую чаргу расказалі пра тое, як вы прыпынілі рух метро. Я падумаў, што гаворка пра нейкі перформанс.

Алекс: Не, гэта хэпенінг. Любы перформанс — гэта заўсёды скрыпт, сцэнар. У хэпенінгу сітуацыя іншая. Ёсць агульны кірунак, а далей як атрымаецца. Але мусіць быць затраўка, імпульс. Як крышталік рэчыва, трапляючы ў няўстойлівы перанасычаны раствор, запускае працэс крышталізацыі і вызначае ўсю далейшую структуру.

Першая ідэя была такой: у Мінск прыехаў сын польскага пісьменніка Станіслава Лема (у гэтай ролі выступаў Крыгель. — Заўв. рэд.) , ён едзе ў метро, людзі яго пазнаюць — што з гэтага атрымаецца далей? Дарэчы, да самога Лема я не быў падобны. Ён быў даволі маленькі і круглагаловы, а я быў значна вышэйшы і істотна маладзейшы.

— Чаму сын менавіта Лема, а не кагосьці іншага?

Алекс: У Мінску ля крамы «Тысяча дробязяў», насупраць Батанічнага саду, была крама замежнай літаратуры «Дружба». Там можна было за невялікія грошы купіць кнігі, якія не падабаліся ўладам альбо былі вельмі дарагія на чорным рынку — на польскай, нямецкай, венгерскай і іншых мовах. У тым ліку дзякуючы гэтаму я стаў вялікім прыхільнікам Лема і застаюся ім дагэтуль. Усё пачалося са звычайнага юначага захаплення фантастыкай, але чым далей я яго чытаў, тым больш разумеў, што Лем — вельмі сур’ёзны філосаф. Многія яго рэчы проста не перакладаліся на рускую ці перакладаліся няправільна, даючы трохі іншы кантэкст, бо ён ніколі не быў прасавецкім. Менавіта любоў да Лема дапамагла нам падчас нашай акцыі ў метро.

Фелікс: У тыя гады я падпрацоўваў на Беларускім радыё ў праграме пра рок-музыку — яе тады толькі пачалі дазваляць. Для адной з перадач мне выдалі дыктафон. Так што была магчымасць выглядаць прафесійным рэпарцёрам.

Алекс: Ідэя была ў тым, каб уцягнуць людзей, якія не ведалі ні пра план, ні пра саму ідэю хэпенінгу. Лепш за ўсё ў замкнёнай прасторы. Для гэтага выбралі вагон метро.

Александр Кригель. Фото: личный архив
Аляксандр Крыгель. Фота: асабісты архіў

Фелікс: На канцавой станцыі — па-мойму, гэта была «Маскоўская» — сабралася 15−20 чалавек. Яны ўсе селі ў цягнік, за выключэннем «сына Станіслава Лема» — Алекса, які застаўся на платформе.

На кожнай станцыі выходзіла па некалькі чалавек. Потым яны ж па чарзе пачалі садзіцца ў наступны цягнік, у якім выправіўся ўслед за асноўнай групай Алекс, і рассаджвацца ў розных канцах загадзя прызначанага вагона. У нейкі момант, калі ўсе ўжо сабраліся, я падышоў да Алекса і на ламанай польскай пачаў прасіць у яго пра інтэрв'ю, выцягнуў дыктафон.

Нехта, хто сядзеў побач, спытаў, што адбываецца. Я адказаў, што прыехаў сын Станіслава Лема, вядомага польскага пісьменніка, а я, маўляў, з Беларускага радыё і хачу ўзяць інтэрв'ю. І пачаў задаваць пытанні проста ў цягніку. Людзі з нашай групы сталі паасобку падыходзіць і прасіць аўтографы. Узнік гармідар. Іншыя людзі, якія ні пра што не падазравалі, пачалі ўдзельнічаць у падзеі. Адны прасілі аўтограф, іншыя проста далучыліся да гэтага натоўпу.

Урэшце «сын Лема» сказаў, што проста ашаломлены такой неверагоднай вядомасцю. Маўляў, ён не вельмі разумее, што адбываецца, але хацеў бы пачаставаць усіх сваіх новых беларускіх сяброў у мясцовым рэстаране. Натоўп вываліўся на перон, у ім ужо былі не толькі ўдзельнікі першапачатковага хэпенінгу, а і выпадковыя людзі. Рух метро прыпыніўся, бо было не вельмі зразумела, што адбываецца, адкуль гэты натоўп. Урэшце мы проста сышлі. Рэстарана, натуральна, ніякага не было. Я ўжо не памятаю, як канкрэтна мы выйшлі з гэтай сітуацыі і нас не пабілі (смяецца. — Заўв. рэд.).

— Вы неяк рэпетавалі гэта?

Алекс: Вядома, не. Гэта спантанная штука. Адзінае, мы ведалі, як зрабіць так, каб апынуцца ў адным і тым жа вагоне і каб выпадковыя людзі не зразумелі, што адбываецца.

— А калі б хтосьці са знаёмых Аляксандра сустрэў яго і ўсё сапсаваў?

Алекс: Мы не пралічвалі такі момант. Калі б гэта здарылася, падзеі проста прынялі б іншы кірунак.

Феликс Аксенцев. Фото: личный архив
Фелікс Аксёнцаў. Фота: асабісты архіў

Вегетарыянскія часы і замежнікі як іншапланетнікі

— Вы не баяліся наступстваў? Напрыклад, рэакцыі міліцыі?

Фелікс: У той момант на платформе вартавых парадку не аказалася. Ды і вялікай затрымкі руху не было — літаральна хвіліна. Інакш павязалі б (смяецца. — Заўв. рэд.).

Алекс: У любым выпадку, часы ўжо былі больш-менш вегетарыянскія. Гэта была ранняя эпоха Гарбачова — недзе 1985−1986 гады, незадоўга перад канцом Савецкага Саюза. Нейкія рэчы ўжо даравалі. Таму хэпенінгі і былі магчымыя. На той момант мы скончылі ці заканчвалі сваю адукацыю, максімум нас маглі выключыць з інстытутаў і з камсамола.

Фелікс: Хоць ва ўсяго былі межы. У нас была ідэя правесці дэманстрацыю з плакатамі ў абарону права рыб дыхаць паветрам. Але, падумаўшы, вырашылі, што арышт і тэрмін — гэта занадта высокая плата за арт-акцыю, і мы не гатовыя плаціць такім. Таму гэтая ідэя ніколі не была рэалізаваная.

За несанкцыянаваныя акцыі ў СССР пераследавалі. Напрыклад, у 1989 годзе мастак Алесь Пушкін адзначыў гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён выйшаў з плакатам «Грамадзянін! У гэты дзень 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!» На яго спіне можна было ўбачыць перакрэслены сцяг БССР і надпіс: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь». За гэта ён атрымаў два гады ўмоўна і абмежаванне шэрагу правоў на пяць гадоў. І гэта ўлічваючы тое, што ў 1989-м у СССР ужо на ўсю моц ішла лібералізацыя, у тым годзе ўпершыню прайшлі сапраўдныя выбары ў Вярхоўны Савет. У 1985−1986 гадах такая акцыя, цалкам імаверна, завяршылася б не ўмоўным, а рэальным тэрмінам.

Фелікс: Увогуле, гэта была зусім іншая эра — палітычна, тэхналагічна і сацыяльна. Не было ніякіх мабільных сродкаў сувязі, персанальных камп’ютараў. Усё, што цяпер здаецца звычайным і неабходным, цалкам адсутнічала. Савецкае грамадства было закрытым, толькі-толькі пачало адкрывацца. Апрача нешматлікіх прыезжых студэнтаў, на вуліцах амаль не было замежнікаў, людзей іншага колеру скуры. Замежнік успрымаўся як іншапланетнік. Ён жыве ў спецыяльным гатэлі, які праслухоўваюць. Яго адразу заўважаюць, ён паводзіцца па-іншаму, ходзіць па-іншаму, глядзіць па-іншаму — не на зямлю, а на людзей.

Алекс: Таму любыя такія «візіты» ўспрымаліся як сенсацыя, чуткі пра іх разыходзіліся па горадзе. Жыццё-то было даволі шэрае. «Вы ведаеце, што ў Мінск прыехаў сын Станіслава Лема?» — пыталіся потым мае сябры і знаёмыя.

Александр Кригель. Фото: личный архив
Аляксандр Крыгель. Фота: асабісты архіў

Вырваць з кантэксту

— Аляксандр сказаў, што жыццё было шэрае. Ці спрабавалі вы стварыць альтэрнатыву?

Фелікс: Нас цікавіў арт, мастацтва. Напрыклад, банан, які ляжыць на кухонным стале — гэта ежа. Калі мы гэты банан прыб’ём да сцяны карціннай галерэі, гэта твор мастацтва — ён выняты з кантэксту.

У 2019 годзе італьянскі мастак Маўрыцыа Каттэлан прадставіў публіцы твор пад назвай «Камедыянт» — прылеплены да сцяны скотчам банан. Першыя два экзэмпляры прадалі ў тым самым годзе па 120 тысяч даляраў кожны. Трэці ў 2024-м пайшоў з малатка на Sotheby’s за 6,2 мільёна даляраў.

Адбываецца «пераключэнне» свядомасці, вы можаце назваць яго азарэннем ці смехам. Бо што такое смех? Гэта чалавечая рэакцыя на абсурд. А што такое абсурд? Гэта спалучэнне рэчаў у абсалютна новым, нязвыклым кантэксце, вельмі часта ў стане лагічнай супярэчнасці.

Гэтае разуменне мастацтва засталося са мной дагэтуль. Гэта і ёсць асноўная прычына гэтых хэпенінгаў. Гэта спосаб дастаць нешта з звыклага кантэксту і змясціць у зусім новы, нечаканы кантэкст.

Феликс Аксёнцев, Минск, 7 июля 1990 года. Фото: из личного архива, автор Владимир Парфенок
Фелікс Аксёнцаў, Мінск, 7 ліпеня 1990 года. Фота: з асабістага архіва, аўтар — Уладзімір Парфянок

Алекс: Наколькі мне вядома, першым, хто зрабіў крок у гэтым кірунку, быў Марсэль Дзюшан, які прымацаваў кола ровара да крэсла. Вынятае з кантэксту, уведзенае ў іншы кантэкст — гэта сапраўды мастацтва. Так што я згодны з вызначэннем Фелікса. Хоць у мяне ёсць сумневы, бо кан’юнктурныя рэчы (а мы часта з імі сустракаемся ў сучасным мастацтве), нават калі яны вынятыя з кантэксту, усё роўна застаюцца кан’юнктурай. Але, парафразуючы эпіграф да рамана Стругацкіх, «ты мусіш стварыць мастацтва са звычайнага, бо больш яго ствараць няма з чаго».

Паштовыя жарты, «айс-кава» і шахматы на вадзе

— У вас ёсць пункт адліку, з якога гэта ўсё пачалося?

Алекс: Я магу сказаць, што пра хэпенінгі даведаўся ад Фелікса. У СССР была ізаляцыя ад вонкавага свету. Інфармацыі не хапала, таму мы шмат імправізавалі. Адной з нашых акцый была рассылка лістоў няісным адрасатам «да запатрабавання» з вяртаннем цалкам рэальнаму чалавеку.

Фелікс: Тут важныя два моманты. Першае: у тыя часы, калі ты нешта адпраўляў па пошце да запатрабавання, то праз 30 сутак — калі ліст ніхто не забіраў — яно вярталася на пазначаны зваротны адрас.

Другое. Ці знаёмыя вы з «Ускоснымі стратэгіямі» Браяна Іна і Пітэра Шміта? Гэта калода карт, падобная да карт Таро. Калі трэба прыняць рашэнне ў студыі гуказапісу або ўзнікае творчы тупік, выпадковым чынам выцягваецца карта са шматзначным і дзіўным сцверджаннем. Яно выглядае даволі абстрактна, і ў той момант чалавек глядзіць, як яго можна прывязаць да сітуацыі.

Дык вось я склаў каля трохсот розных лістоў. У іх былі ўкладзеныя падобныя сцверджанні. Яны маглі быць банальнымі, дзіўнымі, непрыстойнымі. Напрыклад, «закурвай», «гары гэтая рыба разам з возерам» ці «пакахай яе як след». Мог быць канверт з партрэтам Карнея Чукоўскага, а ўнутры лісток: «Я от дедушки Корнея все х*ею и x*ею». Замест словаў у ліст магла быць укладзеная засушаная кветка ці дзіўная трывожная фатаграфія.

Группа ULIS, 1991 год. Слева направо: Слава Корань, Валерый Цініцкі, Сяржук Кныш, Сяржук Краўчанка, Фелікс Аксёнцаў, Андрэй Патрэй. Фото: из личного архива, автор Алена Адамчык
Гурт ULIS, 1991 год. Злева направа: Слава Корань, Валерый Цініцкі, Сяргей Кныш, Сяргей Краўчанка, Фелікс Аксёнцаў, Андрэй Патрэй. Фота: з асабістага архіва, аўтарка — Алена Адамчык

Частку лістоў я адправіў сам з тэрыторыі Беларусі. Іншыя раздаў людзям, якія ездзілі ў розныя гарады савецкай імперыі. Зваротным адрасам на кожным лісце напісаў адрас знаёмага рок-музыкі, які жыў у расійскім Калінінградзе. А адрас, куды гэты ліст ішоў, я выбіраў з каталога паштовых аддзяленняў СССР — напрыклад, у Балтыі, Украіне, у расійскіх Уладзівастоку і Пензе, у далёкіх вёсках. І пісаў выдуманыя прозвішчы адрасатаў. Гэта былі няісныя людзі на рэальных паштовых аддзяленнях.

Паступова праз незапатрабаванне трыста лістоў пачалі вяртацца, то-бок прыходзіць да таго музыкі ў Калінінград. Ён разумеў, што гэта жарт, але не вельмі разумеў яго сэнсу. Было відаць, што лісты адпраўленыя з Кіева, Віцебска, Вільнюса, і нібыта гэта ён іх адпраўляў. Аналагічна здзіўляліся і паштальёны, якія цягам некалькіх месяцаў насілі яму па пяць-дзесяць лістоў штодня.

— Вам не было шкада гэтага чалавека?

Фелікс: Мне не прыходзіла ў галаву, што ў яго могуць быць нейкія сур’ёзныя непрыемнасці — гэта ўсё ж не сталінская эпоха. Адзіным стоп-фактарам маглі быць толькі меркаванні бяспекі. Калі перформанс скончыўся, я ўсё яму растлумачыў.

Але было ж даволі відавочна, што гэта проста нечы жарт. Наколькі я ведаю, ужо праз некалькі дзён пасля ўзнікнення паштовага патоку ўсе гэтыя лісты з вясёлым рогатам адкрываліся ў прысутнасці ўдзельнікаў яго рок-гурта, якія пачалі збірацца на яго кватэры кожны дзень у чаканні новай порцыі.

Телеграмма, которую Александр Кригель отправил на день рождения Феликсу Аксенцеву. Предположительно 1988 год. Фото: личный архив
Тэлеграма, якую Аляксандр Крыгель даслаў на дзень нараджэння Феліксу Аксёнцаву. Меркавана 1988 год. Фота: асабісты архіў

— А вы не баяліся, што вамі можа зацікавіцца КДБ?

Фелікс: Адна гісторыя была. У тыя часы было папулярна ездзіць на адпачынак у Крым. Кампанія нашых сяброў выправілася на адно са звыклых месцаў. Мы з Алексам ведалі адрас і даслалі туды дзве тэрміновыя тэлеграмы з паўзай у дзве гадзіны з розных паштовых аддзяленняў Мінска.

Першая тэлеграма гучала так: «Выслана общехрящетворобная хрящетворобка. Фагот». У нас спыталі на пошце, што гэта такое. Саша з сур’ёзным выглядам сказаў, што гэта эксперыментальныя ўзоры ў парадку навуковага абмену. Дзяўчынка, якая прымала тэрміновую тэлеграму, не разумеючы, яе прыняла.

Праз дзве гадзіны з іншага паштовага аддзялення я даслаў другую тэлеграму: «Тянется со страшной силой. Моттл». Мяне спыталі, што цягнецца, я сказаў: «Гэта металургічны ўзор, у парадку навуковага эксперыменту».

Гэты жарт аказаўся жорсткім, бо, як выявілася, паштальёнцы [у Крыме] двойчы на дзень давялося падымацца на гару. Зрабіўшы гэта другі раз, яна пачала крычаць, што шыфроўкі ў памежнай зоне больш дастаўляць не будзе і неадкладна паведаміць пра гэта куды трэба. Зрэшты, мяркуючы з усяго, органы гэтым не займаліся ці палічылі жартам.

— Памятаеце яшчэ нешта з вашых хэпенінгаў?

Алекс: Я працаваў у Акадэміі навук, дзе мы для астуджэння электронных мікраскопаў выраблялі вадкі азот. Яго можна было адліць у тэрмас, дзе ён пасля закаркоўвання захоўваўся недзе паўгадзіны. Так нарадзілася ідэя замарозіць каву.

Мы ўзялі тэрмас і пайшлі ў кавярню ў раёне «Тысячы дробязяў» (каля плошчы Калініна. — Заўв. рэд.), узялі кубачак кавы за 14 капеек, адышлі ўбок, налілі туды з тэрмаса азот і паказалі шакаванаму барыста замарожаную каву. Паскардзіліся, што кава зусім халодная і піць яе немагчыма. Такія дзеянні вырывалі людзей з той спячкі, у якой мы ўсе найчасцей знаходзімся.

Фелікс: Аднойчы ва Украіне, на Чаркаскім вадасховішчы, мы з Алексам згулялі ў шахматы за столікам на водмелі ўдалечыні ад берага, але непадалёк ад фарватару. Па калена ў вадзе. Памятаю, сядзім, тут з’явілася рыбацкая лодка, ціха наблізілася — і двое рыбакоў у поўным маўчанні праплылі ў ёй зусім побач з намі, метраў за пяць. Гэта магло быць эпізодам з фільма Феліні.

Игра в шахматы Феликса Аксенцева и Александра Кригеля на Черкасском водохранилище Украины. Фото: личный архив
Гульня ў шахматы Фелікса Аксёнцава і Аляксандра Крыгеля на Чаркаскім вадасховішчы ва Украіне. Фота: асабісты архіў

— Калі вы спынілі свае акцыі?

Фелікс: Эпізод са зваротнымі лістамі быў рэалізаваны, па-мойму, у 1990-м. Гэта быў апошні перформанс, у якім я браў удзел. Чаму спынілі? Паўтаруся, гэта было пабочным заняткам. Паступова ў нас пачалі ўзнікаць зусім розныя інтарэсы. Я ўсё больш сыходзіў у бок беларускай мовы, пісаў тэксты для рок-музыкаў, увайшоў у склад гурта «Уліс». Саша больш займаўся жывапісам. Ён рыхтаваўся да эміграцыі, пакінуў Савецкі Саюз яшчэ да яго распаду. Кампанія, у якой мы гэта рабілі, распалася. Людзі скончылі ВНУ, пайшлі на працу і сталі сур’ёзнымі бацькамі сямействаў. Ніякай негатыўнай прычыны тут не было. Проста хваля прайшла — і ўсё.

«Мы спрабавалі рабіць рэчы, якія перарываюць аўтаматызм свядомасці»

Двое сяброў з аднаго мінскага двара цяпер жывуць на беразе аднаго акіяна — Ціхага. Фелікс — у канадскім Ванкуверы, Аляксандр — у амерыканскім Портлэндзе.

Фелікс: Я з’ехаў у 1996 годзе. Спачатку ў 1994-м былі першыя прэзідэнцкія выбары.

Пасля іх я літаральна не мог выходзіць на вуліцу. Я не мог зразумець, як людзі маглі так прагаласаваць. Усё, што адбылося з Беларуссю далей, было для мяне відавочна яшчэ тады. Хоць, вядома, я не падазраваў, што гэта на трыццаць гадоў.

У наступным годзе адбыўся рэферэндум пра змену дзяржсімволікі, і пасля гэтага я прыняў рашэнне з’ехаць. Тут яшчэ такая рэч: не кожны гатовы быць героем. Узнікае сітуацыя, у якой трэба альбо памерці, альбо прыстасоўвацца і хлусіць, альбо з’язджаць. Я выбраў трэцяе.

Феликс Аксенцев. Фото: личный архив
Фелікс Аксёнцаў. Фота: асабісты архіў

Алекс: Мне было прасцей. Я выязджаў яшчэ з Савецкага Саюза. У нейкі момант пачало фізічна ванітаваць ад савецкай рэчаіснасці, ад першага аддзела (рэжымнае падраздзяленне на кожным прадпрыемстве, на якім працавалі спецслужбы. — Заўв. рэд.). Мне хацелася ўбачыць свет. Таму я скарыстаўся першай жа магчымасцю, падаў заяву ў МУС на выезд на ПМЖ, калі гэта стала можна, і мне дазволілі выезд. А разам з тым, дарэчы, пазбавілі савецкага грамадзянства — і за гэта давялося заплаціць 700 з чымсьці рублёў (мой заробак інжынера складаў 115).

З СССР Аляксандр спачатку з’ехаў у Венгрыю, адтуль — у Ізраіль, дзе нават паспеў паслужыць у войску, потым — у Канаду, а ў пачатку 2000-х пераехаў у ЗША. Выдаў там некалькі кніг пра базы даных, потым працаваў у прыватных фірмах. Цяпер Крыгель — IT-архітэктар (праектавальнік інфармацыйных сістэм) і працуе на ўрад амерыканскага штата Арэгон. У вольны час ён піша карціны, ладзіць выставы і выставы-продажы, выдае сумесныя кнігі з паэтамі, дзе іх вершы суправаджаюцца яго карцінамі.

Такім быў і зборнік Фелікса Аксёнцава «Перекати-море», які выйшаў у беларускім выдавецтве «Логвінаў» у 2017 годзе. Аўтарамі кнігі пазначаныя ён і Аляксандр Крыгель.

Эміграцыйны шлях Аксёнцава быў карацейшы: ён адразу пераехаў у Канаду. І як тады, так і цяпер працуе ў IT. «Так даўно, што ўжо збіраюся заканчваць гэтую кар’еру», — дадае Фелікс. Пачынаў са службы падтрымкі, потым стаў праграмістам, цяпер працуе дырэктарам у адной з ВНУ канадскай правінцыі Брытанская Калумбія. У вольны час піша вершы і тэксты для рок-кампазіцый, супрацоўнічае з беларускім гуртом «Крама». У Аксёнцава выйшла ўжо некалькі кніг паэзіі: у 2021-м ён выдаў у ЗША «Междуречье», у 2023 — кнігу сваіх песенных тэкстаў «Марнатраўны сын», а цяпер працуе над новым зборнікам, які мае выйсці ў Берліне.

Сёння Фелікс і Алекс — у яго, дарэчы, з 80-х застаецца мянушка «Лем» — па-ранейшаму блізкія сябры.

Феликс Аксёнцев (слева) и Александр Кригель подписывают автографы в связи с выходом общей книги «Перекати-море», 2017 год. Фото: личный архив
Фелікс Аксёнцаў (злева) і Аляксандр Крыгель падпісваюць аўтографы ў сувязі з выхадам агульнай кнігі «Перекати-море», 2017 год. Фота: асабісты архіў

— Тыя вашы хэпенінгі неяк на вас паўплывалі?

Фелікс: Вы памятаеце фатаграфію Сальвадора Далі, які выгульваў ў Парыжы гіганцкага мурашкаеда? Мне здаецца, гэта была не рэкламная акцыя, не думаю, што Далі на той момант яшчэ меў патрэбу ў рэкламе. Гэта тое, што ён рабіў у сваіх карцінах, і тое, што рабілі мы. Раз — і штодзённая рэальнасць знікае.

Пра гэтую гісторыю з мурашкаедам я даведаўся пазней, калі нашыя перформансы ўжо скончыліся, і ўзрадаваўся. Бо такі знакаміты мастак напэўна думаў амаль гэтак жа, як мы.

Часткова гэтыя рэчы потым прывялі мяне да будызму — я будыст-практык у традыцыі сота дзэн, спакойнай рэфлектыўнай медытацыі. Але ёсць іншая традыцыя, рындзай дзэн, у якой вялікую ролю граюць кааны — дзіўныя загадкі, прызначаныя для таго, каб імгненна вывесці свядомасць з аўтаматызму ў надзеі, што ў чалавека адбудзецца азарэнне і пранікненне ў сутнасць рэчаў.

Вы можаце проста сядзець і медытаваць, а ззаду да вас падыдуць і дзеўбануць палкай па спіне — гэта балюча. Гэта робіцца, каб дапамагчы свядомасці хаця б на долю секунды выскачыць з таго аўтаматычнага рэжыму, у якім мы знаходзімся. Смех смехам, але мы спрабавалі рабіць рэчы, якія перарываюць аўтаматызм свядомасці.

Алекс: Гэта, па-мойму, і ёсць мастацтва.

Чытайце таксама