1 верасня 1859 года брытанскі астраном Рычард Кэрынгтан, які ўжо некалькі дзён назіраў за канцэнтрацыяй плямаў на сонцы, заўважыў нешта зусім нечаканае: плямы раптам узарваліся вялізнымі ўспышкамі, выплюхнуўшы языкі святла з сонечнага дыска. Што адбылося, навуковец не ведаў, але наступствы ўжо праз 18 гадзін адчуў увесь свет. Паўночныя ззянні асвяцілі неба нават у тропіках, ноччу стала светла як днём, а тэлеграфныя лініі заіскрыліся і пачалі перадаваць паведамленні, нават адключаныя ад батарэй. Людзі віктарыянскай эпохі былі зачараваныя дзіўнай прыроднай з’явай, пра яе наперабой пісалі газеты. Але спатрэбіўся час, каб усвядоміць, якую сур’ёзную пагрозу яна нясе чалавецтву. На тагачасную цывілізацыю яе ўплыў быў неістотным, але для цяперашняй, цалкам залежнай ад электрычнасці і сувязі, такая падзея можа стаць агульнасусветнай катастрофай. А гэта далёка не самы магутны геамагнітны шторм, з якім сутыкалася нашая планета. Расказваем, што адбылося 166 гадоў таму і да чаго такая з’ява можа прывесці сёння.
Пробны ўдар
28 жніўня 1859 года віктарыянскі свет упершыню сутыкнуўся з касмічнай стыхіяй. У нядзелю ўвечары жыхары паўночных штатаў Амерыкі ўбачылі ў небе незвычайнае свячэнне: яркія прамяні святла падымаліся ад гарызонту да зеніту, пастаянна змяняючы форму і колер.
У штаце Вермант людзі ўбачылі зарыва за гарой і спачатку падумалі, што там пажар. «У сем трыццаць нам паведамілі пра вялікі пажар за гарой на поўначы, і мы выйшлі паглядзець. Неўзабаве чырвоныя аблокі пачалі знікаць, і зялёныя шпілі ўзляцелі з таго ж месца», — пісала газета Boston Transcript.


Неба пералівалася ад зялёнага да чырвонага тры гадзіны. Аб’екты ўдалечыні можна было адрозніць «больш ясна і выразна, чым падчас поўні». Такое ззянне ахапіла нават Аўстралію — газета The Hobart Town Mercury назвала ўбачанае «самым цудоўным палярным ззяннем з калі-небудзь назіраных у [брытанскай] калоніі».
Але прыгажосць на небе прывяла да праблемам на зямлі. У той жа вечар тэлеграфныя аператары ва ўсім свеце сутыкнуліся з нечуванымі цяжкасцямі. Дасведчаны тэлеграфіст з Вашынгтона Фрэдэрык Ройс не разумеў: ток у лініях то з’яўляўся, то знікаў. У Пітсбургу менеджар тэлеграфа з прозвішчам Калган паведамляў, што токі ў правадах зрабіліся настолькі магутнымі, што плацінавыя кантакты аказаліся пад пагрозай расплаўлення, а з ланцугоў ліліся «патокі агню». На некаторых станцыях, дзе ў працы з тэлеграфнымі стужкамі выкарыстоўвалі хімікаты, лісты загараліся ад скачкоў напружання. Паміж Квебекам і іншымі станцыямі сувязь стала практычна немагчымай.
Камерцыйнае выкарыстанне тэлеграфа пачалося ў 1830-х гадах і хутка развілося ў 1840-х. У 1859 годзе ў развітых краінах было ўжо шмат тэлеграфных ліній — яны ўяўлялі сабой драты, падвешаныя на слупах. У 1861-м у ЗША адкрылася першая транскантынентальная лінія тэлеграфа.

«Ніколі за пятнаццаць гадоў працы з тэлеграфнымі лініямі я не быў сведкам хоць нечага падобнага», — адзначаў дасведчаны канадскі аператар. У Францыі сувязь таксама была парушаная, з правадоў сыпаліся іскры. Лініі даводзілася закрываць.
Але гэта была толькі затраўка.
Упершыню ў гісторыі
Раніцай 1 верасня ў англійскім мястэчку Рэдхіл Рычард Кэрынгтан, як звычайна, падняўся ў сваю прыватную абсерваторыю. 33-гадовы астраном пакінуў сямейную броварную імперыю дзеля вывучэння зорак — выбар, які сучаснікі лічылі дзіўным.
Бацька рыхтаваў Рычарда да духоўнай кар’еры, але лекцыі прафесара Джэймса Чаліса па астраноміі ў Кембрыджы змянілі планы маладога чалавека. У 1852 годзе, выкарыстоўваючы сямейны капітал, Кэрынгтан пабудаваў у Рэдхіле дом з абсерваторыяй, абсталяваўшы яе найлепшымі інструментамі.
Яго захаплялі сонечныя плямы — цёмныя вобласці на паверхні свяціла, прырода якіх тады была загадкай. Кожны дзень Кэрынгтан скіроўваў свой латуневы тэлескоп на сонца, праецыюючы яго выяву на 30-сантыметровы экран.

І 1 верасня ў 11.18 адбылася падзея, якая змяніла разуменне сувязі паміж Сонцам і Зямлёй. Назіраючы за групай буйных плямаў, Кэрынгтан раптам убачыў нешта незвычайнае. «Здарылася з’ява, якая, я мяркую, надзвычай рэдкая. З выявы сонечнага дыска вырваліся дзве плямы інтэнсіўна белага і яркага святла. Яркасць была роўная яркасці прамога сонечнага святла», — запісаў ён пазней.
Кропкі святла рухаліся па паверхні Сонца, а праз пяць хвілін зніклі. Кэрынгтан кінуўся шукаць сведку свайму адкрыццю, але калі вярнуўся да тэлескопа, усё скончылася.
На шчасце, у той жа момант у Клэйберы, у графстве Эсэкс, за сонцам назіраў іншы брытанскі астраном — Рычард Ходжсан. Ён незалежна ад Кэрынгтана зафіксаваў тую самую з’яву: «Я быў раптоўна здзіўлены з’яўленнем вельмі яркай светлавой зоркі, значна ярчэйшай за сонечную паверхню, асляпляльнай для абароненага вока. Прамяні распаўсюджваліся ва ўсіх напрамках, а цэнтр можна было параўнаць з асляпляльным бляскам яркай зоркі альфа Ліры, назіранай у вялікі тэлескоп малой магутнасці. Ззянне доўжылася каля пяці хвілін».
Гэта была першая фіксацыя сонечнай успышкі ў гісторыі навукі.

Неба ў агні
Тое, што ўбачылі Кэрынгтан і Ходжсан раніцай, да ночы дасягнула Зямлі, выклікаўшы касмічную буру, якая ахапіла ўсе кантыненты. Паўночнае ззянне, звычайна абмежаванае палярнымі абласцямі, успыхнула над Кубай і Гаваямі, над Карыбскімі астравамі і Мексікай.
Высока ў Скалістых гарах група золаташукальнікаў спала пад адкрытым небам. Але іх сон быў перарваны, пісаў карэспандэнт Rocky Mountain News: «Крыху пасля паўночы [2 верасня] нас абудзіла аўраральнае святло (aurora borealis — адна з назваў паўночнага ззяння. — Заўв. рэд.), настолькі яркае, што можна было лёгка чытаць». Калі неба засвяцілася яшчэ ярчэй, некаторыя з атрада вырашылі, што ўжо раніца, і пачалі гатаваць сняданак.
Нават жывёлы паддаліся падману — птушкі пачыналі спяваць, думаючы, што надышло світанне. У Вірджыніі жаўрукі прачнуліся ў гадзіну ночы і пачалі шчабятаць — і адзін чыгуначны рабочы застрэліў трох з іх.
У гарадах людзі выбягалі на вуліцы. Свячэнне «было настолькі яркім, што да гадзіны ночы пры гэтым святле можна было чытаць звычайны шрыфт» у газетах, чым і заняліся гараджане, пісала назаўтра прэса ў Нью-Ёрку і Бостане.

Жанчына з вострава Саліван у Паўднёвай Караліне пакінула падрабязнае апісанне, якое апублікавалі ў Charleston Mercury: «Усходняе неба здавалася крывава-чырвоным, нібыта поўня ці сонца збіраліся ўзысці. Увесь востраў быў асветлены. Мора адлюстроўвала гэтую з’яву, і ніхто не мог глядзець на гэта, не думаючы пра ўрывак з Бібліі: „Мора ператварылася ў кроў“. Ракавінкі на пляжы, якія адбіваюць святло, нагадвалі вуголле».
«Праз дзве гадзіны, калі свячэнне дасягнула піку, паўночнае неба было цалкам асветленае, а паўднёвае палала мярцвяна-чырвоным агнём. Адзін аднаго змянялі магутныя слупы, каціліся „кучавыя аблокі“, што выкідвалі прамяні, закручаныя і пухнатыя хвалі. Яны хутка змянялі адценні з чырвонага на аранжавы, з аранжавага на жоўты, з жоўтага на белы і назад у тым жа парадку да ярка-чырвонага, пакуль ранішняе святло не паглынула гэтае хараство», — пісала The New York Times.
На відэа ніжэй — палярнае ззянне ад магнітнага шторму 27 лютага 2014 года, знятае на поўначы Шатландыі. Яно дае толькі слабае ўяўленне пра тое, што адбывалася ў 1859 годзе, бо тады шторм быў нашмат магутнейшы.
Хаос на провадзе
Самае нечаканае зноў адбывалася на тэлеграфе. Сеткі з 200 тысяч кіламетраў правадоў, што аблыталі Паўночную Амерыку, Еўропу і Аўстралію, мацней за ўсё адчулі ўздзеянне. Тэлеграфіст Фрэдэрык Ройс у Вашынгтоне атрымаў моцны ўдар токам, калі яго лоб закрануў зазямляльны провад. Відавочца заўважыў, як паміж яго ілбом і кабелем праскочыла іскра.
Але абсталяванне не толькі выходзіла з ладу. 2 верасня супрацоўнікі American Telegraph Company ў Бостане зрабілі дзіўнае адкрыццё. Прыйшоўшы ў офіс у 8 раніцы, яны выявілі, што звычайная перадача паведамленняў немагчымая. Аднак атмасфера была — літаральна — настолькі наэлектрызаваная, што аператары змаглі адключыць батарэі і перадаваць паведамленні ў Портлэнд, выкарыстоўваючы толькі ток, створаны бурай.
Захаваўся запіс перамоваў паміж тэлеграфістамі:
— Калі ласка, цалкам адключыце батарэю ад лініі на пятнаццаць хвілін, — перадаў аператар з Бостана.
— Зраблю. Адключаная, — адказаў калега з Портлэнда.
— Мая таксама адключаная, і мы працуем на аўраральным току. Як вы прымаеце мае паведамленні?



— Лепш, чым з нашымі уключанымі батарэямі. Ток то з’яўляецца, то знікае паступова.
— У мяне ток часам вельмі моцны. Нам лепш будзе працаваць без батарэй, бо «аўрора», відаць, напераменку ўзмацняе і нейтралізуе нашы батарэі, робячы ток занадта моцным для нашых рэле-магнітаў. Прапаную працаваць без батарэй, пакуль на нас уплывае гэтая праблема.
— Выдатна. Мне працягваць працу?
— Так, працягвайце.
І такім чынам дзве гадзіны аператары размаўлялі, выкарыстоўваючы толькі ток, які цёк па правадах сам сабой — без звыклай крыніцы.
Анатомія буры
Што ж адбылося 1 верасня 1859 года? Тое, што ўбачылі Кэрынгтан і Ходжсан, было сонечнай успышкай — выбухным вызваленнем энергіі на паверхні Сонца. Гэтая зорка круціцца нераўнамерна: экватар робіць абарот за 25 дзён, а полюсы — прыкладна за 35. Рознасць хуткасцяў пастаянна закручвае магнітныя палі зоркі, ствараючы ў іх каласальнае электрычнае напружанне. Калі яно дасягае мяжы, адбываецца «кароткае замыканне» — тая самая ўспышка з выкідам вялізнага аб’ёму энергіі.
А следам з Сонца зрываецца воблака распаленай плазмы — каранальны выкід зорнай масы. Нашая зорка нібы чхае, выкідваючы ў космас з велізарнай хуткасцю зараджаныя часцінкі. На відэа ніжэй — прыклад буйнога выкіду 2012 года (ён прайшоў міма Зямлі).
Звычайна такое воблака ляціць да зямлі два-тры дні, але 1 верасня 1859 года падарожжа заняло ўсяго васямнаццаць гадзін. Навукоўцы лічаць, што прычынай была альбо велізарная магутнасць успышкі, альбо тое, што меншая ўспышка 28 жніўня магла «расчысціць дарогу» для наступнай, здзімаючы з дарогі сонечны вецер — пастаянны паток часцінак, які звычайна тармозіць такія выкіды.
Ад успышак на сонцы зямлю абараняе магнітасфера — нябачнае поле электратокаў, якое ствараецца патокамі расплаўленага жалеза ў ядры нашай планеты. Гэта яе галоўны шчыт ад касмічнай радыяцыі. Звычайна ён надзейна адхіляе зараджаныя часцінкі, але 2 верасня 1859-га паток быў занадта магутным. Часцінкі прарваліся праз магнітнае поле планеты і, сутыкаючыся з атамамі паветра, прымусілі іх свяціцца. Так нарадзіліся палярныя ззянні над тропікамі — там, дзе іх ніколі не бачылі.
Але гэта толькі візуальны эфект. Галоўнае, што ўварванне зараджаных часціц прымусіла магнітнае поле Зямлі рэзка вагацца, дрыжаць, нібы закранутая струна. А любыя такія ваганні спараджаюць у металічных правадніках электрычны ток — той самы прынцып, што ляжыць у аснове электрагенератараў.

Тэлеграфныя лініі, якія працягнуліся на сотні кіламетраў, сталі такімі вялізнымі праваднікамі ў планетарным «генератары». Магнітнае поле Зямлі вагалася так моцна, што ў правадах «самі па сабе» ўзнікалі токі больш магутныя, чым ад звычайных батарэй.
Пасля
Навукоўцы віктарыянскай эпохі былі ў замяшанні. Сувязь паміж сонечнай актыўнасцю і зямнымі з’явамі тады была новай ідэяй. Сам Кэрынгтан, заўважыўшы супадзенне па часе паміж сваімі назіраннямі і магнітнымі ваганнямі, асцярожна напісаў: «Адна ластаўка вясны не робіць», — не варта, маўляў, спяшацца з высновамі.
Але сувязь была занадта відавочнай, каб яе ігнараваць. І выданне Scientific American у кастрычніку 1859 года абвясціла: «Сувязь паміж паўночным ззяннем і сіламі электрычнасці і магнетызму цяпер цалкам пацверджаная».
Амерыканскі матэматык Эліяс Луміс сабраў і апублікаваў сведчанні з усяго свету, пацвердзіўшы глабальны маштаб з’явы. У сваёй справаздачы Смітсанаўскаму інстытуту ён заключыў: «Мы вымушаныя разглядаць вялікія палярныя ззянні не толькі як атмасферную з’яву, але і як вынік уздзеяння пазазямных сіл». Так нараджалася навука пра касмічнае надвор’е.

Для самога Кэрынгтана адкрыццё стала вяршыняй кар’еры. У лютым 1859 г. ён атрымаў залаты медаль Каралеўскага астранамічнага таварыства за каталог зорак. А назіранне сонечнай успышкі прынесла яму сяброўства ў гэтым таварыстве.
Але пасля смерці бацькі ў 1858 годзе Кэрынгтану давялося пераключыцца на кіраванне броварам. Ён усё роўна пісаў артыкулы, прапаноўваў план мадэрнізацыі Кембрыджскай абсерваторыі і прэтэндаваў у ёй на пасаду дырэктара, але прызначэнне не адбылося, што моцна расчаравала навукоўца. І ўсё ж запал да астраноміі ў ім перамог. У 1865 годзе Кэрынгтан прадаў бізнес і пераехаў у адасобленае месца ў Сурэт, дзе пабудаваў новую абсерваторыю. Праўда, ужо меў праблемы са здароўем і да сур’ёзных назіранняў больш не вярнуўся. Навуковец памёр у 1875 годзе ва ўзросце 49 гадоў ад кровазліцця ў мозг усяго праз дзесяць дзён пасля таго, як яго жонка Роза памерла, прыняўшы вялікую дозу хларалгідрату — снатворнага, якое ў тыя часы часам выкарыстоўвалі для суіцыду.
Учора і сёння
Падзея 1859 года адкрыла чалавецтву вочы на сілы, якія дзейнічаюць у космасе, давёўшы, што зямля — не ізаляваны свет, а частка складанай сістэмы, і працэсы на зорцы за 150 мільёнаў кіламетраў могуць вельмі хутка паўплываць на нашую планету. Але ў тую эпоху людзі яшчэ не ўсведамлялі, што вясёлкавае неба можа пагражаць рэальнай катастрофай. Бо ў 1859 годзе амаль адзінай уразлівай да такой з’явы тэхналогіяй быў тэлеграф. А вось сёння ўсё інакш — нашая цывілізацыя цалкам залежыць ад электронікі.

Апошнія дзесяцігоддзі паказалі, што нават слабейшыя геамагнітныя штормы, чым той, што здарыўся ў 1859-м, могуць наносіць сур’ёзную шкоду. У сакавіку 1989 года сонечная бура вывела з ладу энергасістэму канадскай правінцыі Квебек, сетка абрынулася менш чым за 90 секунд, калі індукцыйныя токі (такія ж, як тыя, што з’яўляліся ў тэлеграфнай сетцы за паўтара стагоддзя да гэтага) перагрузілі трансфарматары — шэсць мільёнаў чалавек засталіся без электрычнасці на дзевяць гадзін.
У 2003 годзе так званыя Хэлаўінскія буры парушылі працу спадарожнікаў сувязі, GPS-навігацыі і авіязносін. Успышка на сонца тады была адной з найбуйнейшых, паўночныя ззянні былі відаць ад Каліфорніі да Тэхаса і Флорыды.
А зусім нядаўна, у траўні 2024 года, свет убачыў самую моцную геамагнітную буру за апошнія два дзесяцігоддзі. Навукоўцы вымяраюць іх сілу з дапамогай DST-індэкса — ён паказвае, наколькі моцна «трасецца» магнітнае поле Зямлі пры ўдары касмічных часцінак. Чым большы адмоўны лік, тым мацнейшая бура. Звычайныя магнітныя штормы, якія выклікаюць паўночныя ззянні ў Арктыцы, але не наносяць ніякай шкоды, паказваюць Dst каля -50 нТ (нанатэсла). А магутнасць «Кэрынгтана» была, паводле сучасных ацэнак, −800 ці нават −1750 нТ. З таго часу нічога падобнага пакуль не было. Бура 1989 года, якая абясточыла Квебек, дасягала -600 нТ, Хэлаўінскія буры — каля -400 нТ.
У траўні 2024 года індэкс дасягнуў −412 нТ. Але нават гэтая апошняя бура, удвая слабейшая за гістарычную, паказала нашую ўразлівасць. Фермеры не змаглі выкарыстоўваць трактары John Deere: іх сістэмы пазіцыянавання перасталі працаваць без сігналаў GPS. Бытавыя дроны падалі, відаць, з гэтай жа прычыны. Геафізічная абсерваторыя GOES-16 некалькі гадзін не магла перадаваць дадзеныя. Спутнікі Starlink гублялі сувязь, 12 з іх упалі праз рост супраціўлення атмасферы (энергія ўспышкі, дасягаючы верхніх слаёў атмасферы, моцна награвае іх, атмасфера пашыраецца, як паветраны шар, і шчыльнасць паветра на вышыні палёту спадарожнікаў рэзка ўзрастае, ствараючы дадатковае супраціўленне, якое тармозіць сатэліты, змушае іх губляць вышыню і сыходзіць з арбіты).

Пры гэтым сучасныя энергасеткі, напрыклад у Канадзе, і тэлекамунікацыныя кампаніі загадзя прынялі ахоўныя меры, што дазволіла пазбегнуць вялікай шкоды ў параўнанні з бурамі 1989 і 2003 гадоў.
Можа быць нашмат горш
Шторм у 1859 годзе вылучыў энергію, прыкладна эквівалентную 10 мільярдам атамных бомбаў магутнасцю 1 мегатон трацілу (для параўнання, бомба, скінутая на Нагасакі, была эквівалентная недзе 20 кілатонам). Калі б цяпер Зямлі дасягнула такая ж магутная ўспышка, гэта, паводле ацэнак навукоўцаў, выклікала б «інтэрнэт-апакаліпсіс», адключэнні электраэнергіі і шкоду на трыльёны даляраў. Але што, калі бура будзе ў дзясяткі разоў мацнейшай?
У 2012 годзе японская аспірантка-фізік Фуса Міяке з Нагойскага ўніверсітэта вывучала ўзоры драўніны і выявіла дзіўнае. У адным з гадавых кольцаў кедра, які вырас у VIII стагоддзі, утрыманне радыеактыўнага вугляроду-14 падскочыла на 12% — нашмат больш за звычайныя ваганні ад касмічнай радыяцыі. Гэта адбылося ў кальцы 774−775 гадоў.
Вуглярод-14 утвараецца ў атмасферы, калі касмічныя прамяні сутыкаюцца з атамамі азоту. Чым інтэнсіўнейшы паток часцінак з космасу, тым больш гэтага ізатопа трапляе ў паветра і потым назапашваецца ў раслінах. Міяке зразумела: такое адхіленне ў гадавых кольцах азначае, што ў 774 годзе Зямлі дасягнуў наймагутнейшы паток зараджаных часціц.

Еўрапейскія і амерыканскія навукоўцы пацвердзілі адкрыццё, даследаваўшы дрэвы з іншых кантынентаў — з Германіі, Расіі, ЗША, Фінляндыі і Новай Зеландыі. У драўніне кожнага старажытнага дрэва за 774 год быў знойдзены такі ж скачок вугляроду-14. У антарктычных льдах той жа эпохі знайшлі аналагічныя ўсплёскі берылію-10 — яшчэ аднаго ізатопу, які ўтвараецца ад касмічнага выпраменьвання. То-бок з’ява была глабальнай і магла тлумачыцца толькі ўздзеяннем на ўсю планету з космасу.
Пасля гэтага адкрыцця навукоўцы выявілі шэсць такіх падзей у розныя перыяды — іх сталі называць падзеямі Міяке. Да 774 года дадаліся яшчэ некалькі датаў: 7176, 5410, 5259 гады да нашай эры, а таксама 660 і 993−994 гады нашай эры. А некалькі гадоў таму даследчыкі знайшлі ў дрэве са старажытнага лесу ў французскіх Альпах сляды падзеі, якая адбылася 14 300 гадоў таму. Там скачок вугляроду-14 аказаўся ўдвая большым, чым падчас падзеі 774 года.
Кэрынгтанская падзея — самае моцная, якую зафіксавала навука — падняла ўзровень вугляроду-14 менш чым на адзін працэнт. Падзеі Міяке былі ў 10−20 разоў магутнейшыя, а паводле некаторых крыніц — да 80 разоў.
Цікава, што ў некаторых гіганцкіх успышак былі сведкі, і гэта захавалася ў хроніках і легендах. Напрыклад, навукоўцы знайшлі восем запісаў пра палярнае ззянне, зарэгістраванае ў розных частках свету з кастрычніка 992 года да студзеня 993 года. У Саксоніі неба «чырванела тройчы за ноч», у Ірландыі апісвалі неба «колеру крыві», у Карэі пісалі пра адкрытыя «брамы неба». Акрамя таго, «Англасаксонская хроніка» (зборнік летапісаў IX стагоддзя) згадвае магчымае паўночнае ззянне ў выглядзе «чырвонага распяцця пасля заходу», заўважанае ў небе ў 774 годзе. Апісанне ззяння ёсць і ў кітайскай хроніцы «Цзютаншу» за 775 год.

Што магло выклікаць гэтыя ўсплёскі? Гэта маглі быць не толькі звышмагутныя сонечныя ўспышкі, але і, напрыклад, выбухі далёкіх зорак — дакладна гэта пакуль не вядома. Але зразумела адно: раз такія падзеі здараліся ў мінулым, яны могуць паўтарыцца.
«Нам трэба ведаць больш, бо калі б нешта такое адбылося сёння, гэта знішчыла б усю тэхніку. Наступствы для глабальнай інфраструктуры былі б неўяўляльнымі», — лічыць Бенджамін Поўп, астрафізік з Універсітэта Квінслэнда, Аўстралія.
Сучасныя высакавольтныя лініі — усё роўна што велізарныя антэны для касмічных токаў. Наймагутнейшы ўсплёск выведзе з ладу трансфарматары электрастанцый па ўсім свеце, што прывядзе да маштабных і доўгіх адключэнняў электрычнасці, аднаўленне будзе працяглым, бо запчасткі спатрэбяцца адразу і ўсюды.
Спадарожнікі, ад якіх залежаць сувязь і рух, атрымаюць крытычныя пашкоджанні. GPS перастане працаваць, парушыўшы не толькі навігацыю, але і, у прыватнасці, сінхранізацыю банкаўскіх аперацый, мабільных сетак і працу экстранных службаў. Касманаўты на МКС і людзі ў самалётах на вялікай вышыні могуць атрымаць сур’ёзнае апраменьванне.
Што да інтэрнэту, то, хоць самі оптавалаконныя кабелі не пацярпяць (па іх не ідзе ток), праблемы ўзнікнуць з іх падводнымі ўзмацняльнікамі, якія сілкуюцца праз медныя правады.

Словам, калі здарыцца новы «Кэрынгтан», адключэнні розных сістэм могуць доўжыцца тыднямі. Калі ж выбухне бура маштабу падзей Міяке, мы можам страціць выгоды цывілізацыі на месяцы ці нават даўжэй.
Тэарэтычна абарона магчымая. Сёння ёсць сістэмы папярэджання пра сонечныя буры, касмічныя абсерваторыі сочаць за сонцам кругласутачна. Пры небяспецы энергетыкі могуць адключыць найбольш уразлівыя трансфарматары, авіякампаніі — змяніць маршруты палётаў, аператары спадарожнікаў — перавесці апараты ў бяспечнейшы рэжым. Больш за тое, ужо выпрабоўваюць прылады, закліканыя не прапускаць геамагнітныя токі ў трансфарматары. Спадарожнікі хоць і няпроста, але можна абараніць клеткамі Фарадэя, якія блакуюць электрамагнітнае выпраменьванне. Даследчыкі працуюць над сістэмамі ранняга папярэджання, аўтаматычным адключэннем уразлівага абсталявання, рэзервовымі крыніцамі сілкавання.
Аднак каб абараніць усю планетарную інфраструктуру, спатрэбяцца трыльёны даляраў і дзесяцігоддзі працы. Бо ад папярэджання да магутнай геамагнітнай буры пройдзе ўсяго некалькі гадзін. Наш свет сёння гатовы да «Кэрынгтана» нашмат лепш, чым у 1859 годзе. Але абарона ад падзеі маштабу 774 года па-ранейшаму за межамі сучасных магчымасцяў.
Падзеі Міяке здараюцца ў сярэднім раз на тысячу гадоў, але ў космасу няма раскладу — наступная супербура можа здарыцца і праз стагоддзе, і паслязаўтра. Іронія ў тым, што чым больш развітай і тэхналагічна складанай становіцца нашая цывілізацыя, тым уразлівейшая яна перад касмічнымі сіламі, якія некалі ўсяго толькі дарылі людзям прыгожае відовішча ў начным небе. Цяпер стаўкі нашмат вышэйшыя.
Чытайце таксама


