У 1933 годзе на станцыі Коласава (цяперашні Стаўбцоўскі раён) сустрэліся два палітвязні: савецкі і польскі. «Вязень „капiталiстычнага гаспадарства“ меў на сабе <…> капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце», — успамінаў пра момант абмену драматург Францішак Аляхновіч. Менавіта ён аказаўся тым шчасліўчыкам, якога перадалі на Захад. Гэта быў першы і апошні раз, калі Масква такім чынам выпусціла палітвязня-беларуса (наступным гэта зрабіў толькі Лукашэнка ў 2025 годзе). Расказваем пра гэтага чалавека: чым ён праславіўся, як трапіў на вуду Масквы, дзякуючы чаму выйшаў на волю і як склалася яго далейшае жыццё.
Сустрэча на станцыі Коласава
Чаму Коласава? У 1921 годзе паміж Варшавай і Масквой быў падпісаны Рыжскі мір, які завяршыў вайну паміж імі. Гэтым дакументам падзялілі Беларусь: заходнюю частку краіны аддалі Польшчы, усходняя (БССР) неўзабаве ўвайшла ў склад СССР.
Завяршыўшы супрацьстаянне ваенным шляхам, гэтыя краіны не сталі сябрамі. Занадта рознымі былі іх грамадска-палітычныя і эканамічныя мадэлі. Нядзіўна, што перыядычна за краты і там, і там траплялі людзі, якія былі патрэбныя на іншым баку мяжы. Так узнікла ідэя абменаў — усяго іх адбылося дзесяць. Палякаў у першую чаргу цікавілі ксяндзы і разведчыкі, бальшавікоў — сябры польскай камуністычнай партыі, дыверсанты і зноў жа разведчыкі. Здаралася, што за адзін «заход» бакі мяняліся сотнямі людзей. Напрыклад, у 1923 годзе СССР аддаў Польшчы 617 чалавек, а ўзамен атрымаў 317. Гэтыя масавыя абмены ішлі аж да 1932-га. Але ў наступным годзе ўпершыню здарыўся адзіночны, індывідуальны абмен — прычым беларуса на беларуса: палітыка, грамадскага дзеяча, аўтара знакамітай айчыннай граматыкі Браніслава Тарашкевіча абмянялі на Францішка Аляхновіча.
«Апошнім часам мы прызвычаіліся бачыць на месцы Аляхновіча арыштаваных ксяндзоў, польскіх патрыётаў і дзеячаў. Першы раз вяртаецца гэтай дарогай беларус», — пісаў дзеяч беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч.

«Я ўжо вырозьняваў (адрозніваў. — Заўв. рэд.) твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень „капiталiстычнага гаспадарства“ меў на сабе <…> капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце», — успамінаў драматург у сваёй кнізе «У капцюрох ГПУ».
Што адбывалася потым? «Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi. Звычайныя вастрожныя камплiмэнты: „Добра выглядаеш“. — „Ты таксама“. — „Дзякуй, але сумляваюся“… Пасьля — колькi горкiх словаў за манлiвыя мiражы», — успамінаў драматург.
Паводле легенды, калі яны паціснулі адзін аднаму рукі, Аляхновіч спытаў у Тарашкевіча: «Бронюсь, куды ты ідзеш?!» Першага чакалі 11 гадоў жыцця на волі, другога — арышт менш чым праз чатыры гады, а потым расстрэл.
Год у турме і пешшу ад Вільні да Мінска
Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў 1883 годзе ў Вільні, якая тады была пад уладай Расійскай імперыі. Яго бацька паходзіў са збяднелага шляхецкага роду з-пад Радашковічаў, працаваў у віленскім тэатры музыкам. У дзяцінстве ён браў з сабой на працу юнага Францішка. Той настолькі палюбіў тэатр, што нічым іншым ужо не цікавіўся. Вучачыся ў Віленскай гімназіі, заставаўся на другі год у чацвёртым і пятым класах, пакуль яго не выключылі. Бацька ўладкаваў яго ў хімічна-тэхнічную школу — юнак і адтуль сышоў праз год.
Францішак рваўся на сцэну, а таму падаўся ў Кракаў (гэты горад тады знаходзіўся ў складзе Аўстра-Венгрыі). Мяжу перасёк нелегальна, і ў першую ж ноч у новым горадзе яго затрымалі — ненадоўга, але з таго часу Аляхновіч будзе сутыкацца з арыштамі ўсё жыццё. Высветлілася, што набору на тэатральны курс мясцовага ўніверсітэта сёлета няма. Францішак год быў вольным слухачом гістарычна-літаратурнага факультэта той жа ВНУ, а потым не вытрымаў і з’ехаў у Варшаву. Там ён у 1904-м паступіў у мясцовую тэатральную школу, праз тры гады скончыў яе і пачаў працаваць у адным з перасоўных тэатраў. Але праз год ён пакінуў і яго — мяркуючы з усяго, узровень не адпавядаў чаканням. І вярнуўся ў родную Вільню, дзе стаў журналістам польскамоўных выданняў.
Аднак мара пра сцэну не пакідала Францішка. У 1910-м здарылася найважнейшая падзея ў айчыннай тэатральнай гісторыі — у Вільні прайшла «Першая беларуская вечарына». Гледачоў было каля тысячы, артыстаў жа каля сотні — драматычны, харавы і танцавальны калектывы. Аляхновіч выступіў рэжысёрам спектакля і выканаў адну з галоўных роляў.
Здавалася б, маладога чалавека чакаў працяг кар’еры, але неўзабаве яму давялося ўцякаць. У адным з польскамоўных часопісаў з’явіўся яго артыкул, у якім расійскія ўлады ўбачылі заклік зрынуць манархію і абразу «нябесных сіл». Выдаўца выклікалі на допыт у паліцыю. Не чакаючы таго самага, Францішак зноў з’ехаў за мяжу, у Аўстра-Венгрыю, і пачаў выступаць у польскіх перасоўных тэатрах.
У 1913 годзе з’явіўся шанец вярнуцца дадому: у Расійскай імперыі адзначалі 300-годдзе кіроўнай дынастыі Раманавых, і ў гонар гэтага абвясцілі амністыю. Аляхновіч прыехаў у Вільню і сам пайшоў да пракурора. Яму даравалі абразу «сіл зямных» (уладаў), а вось «сіл нябесных» — не, і адправілі на год у віленскую турму Лукішкі. Менавіта там Францішак і напісаў сваю першую п’есу «На Антокалі» (Антокаль, Антакальніс — раён у цэнтры Вільні і сучаснага Вільнюса. — Заўв. рэд.).

Наступныя дзесяць гадоў змясцілі ў сябе Першую сусветную вайну, рэвалюцыю 1917 года, падзенне манархіі, прыход да ўлады бальшавікоў, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, савецкую і польскую акупацыі, якія перашкодзілі БНР умацавацца. Для Аляхновіча гэты час быў надзвычай складаным у бытавым плане, але стаў пікам творчасці.
Выйшаўшы з турмы, ён спрабаваў ставіць спектаклі, але яго паўпрафесійны гурток хутка распаўся. Каб пракарміць сям’ю, драматург афармляў шыльды, працаваў маляром, пажарным, кантралёрам электрасетак, выкладчыкам у дзіцячым прытулку. Паралельна ён пісаў п’есы — у розныя гады былі створаныя «Пан міністар», «Шчаслівы муж», «Чорт і баба», «Цені», шэраг іншых твораў. Яны ставіліся не толькі тады, але і нашмат пазней, у незалежнай Беларусі. Нездарма Аляхновіча называюць «бацькам найноўшай беларускай драматургіі».
Таксама ён не пакідаў спробаў стварыць уласны тэатр — як у Вільні, так і ў Мінску, куды двойчы прыязджаў. Першы раз ён дабраўся да цяперашняй беларускай сталіцы ў чэрвені 1918-га — ішоў пешшу, каля Маладзечна падсеў у фурманку да нейкіх шляхцянак і без пропуску прабраўся праз лінію фронту (яшчэ ішла сусветная вайна). У Мінску тады дзейнічала Першае беларускае таварыства драмы і камедыі — прафесійны тэатр. На яго сцэне Аляхновіч паставіў сваю п’есу «Бутрым Няміра», сыграў у ёй галоўную ролю — і так пасля адной ночы прачнуўся знакамітым.
Тады таварыства ўзначальваў Фларыян Ждановіч. У нейкі момант Аляхновіч аддзяліўся ад яго і стварыў свой калектыў. Потым улады — у той момант савецкія — аб’ядналі іх трупы, але двум кіраўнікам у адным калектыве месца ўжо не было. Увесну 1919-га Францішак пераехаў у Вільню, восенню таго ж года вярнуўся ў Мінск, зрабіўшы яшчэ адну спробу стварыць прафесійны калектыў, пра які марыў, але сітуацыю моцна ўскладняла палітычная нестабільнасць і пастаянная змена ўладаў. Летам 1920-га ён перабраўся назад у родны горад.
Пастка для летуценніка
У Вільні Аляхновіч пражыў наступныя шэсць гадоў, але потым пераехаў у СССР. У чым прычына? У Заходняй Беларусі працягвалася палітыка паланізацыі, ні пра якую аўтаномію для гэтай тэрыторыі ў складзе Польшчы гаворкі не ішло. У траўні 1926 года наогул адбыўся дзяржаўны пераварот — да ўлады ў Польшчы прыйшоў Юзаф Пілсудскі і ўсталяваў рэжым «санацыі» (ад лацінскага sanatio — аздараўленне). Фактычна гэта была вайсковая дыктатура. У БССР жа сітуацыя на той момант выглядала нашмат лепш. Праводзілася палітыка беларусізацыі. Расія вярнула анексаваныя раней землі Усходняй Беларусі (хай і не ўсе). Працаваў БДУ, расквіталі беларускія літаратура і друк.

Пазней у кнізе «У капцюрох ГПУ» (ГПУ — Галоўнае палітычнае ўпраўленне, папярэднік НКУС і КДБ) Аляхновіч пераказваў свой дыялог з Пятром Мятлой, дэлегатам польскага сейма. Пётр сімпатызаваў СССР і толькі што вярнуўся з паездкі ў Мінск.
— Ну i як там у Менску?
— Гм… О!.. Ого!..
— Узапраўды?
— О, яшчэ як!
— Далiбог?..
— Эге!..
— Беларускiя школы?
— Тысячы! Уся Савецкая Беларусь пакрыта густой сеткай школ…
— Беларускiх?
— Беларускiх.
— Унiвэрсытэт?
— Беларускi.
— Выдавецтва?
— О! Тыраж кнiжкi даходзiць колькiдзесят тысячаў… Госiздат плацiць вялiзныя ганарары… Зьявiлася шмат маладых выдатных талентаў…
— Што вы кажаце!
— Ага!
— Тэатр?
— О, тэатр!.. Каб вы бачылi!.. Каб вы былi ў тэатры!.. Тэатр!.. О-го-го!
— Рэпэртуар?
— Арыгiнальны i перакладны. Зьявiлася шмат беларускiх п’есаў: «Кастусь Калiноўскi», «Каваль-ваявода», «Вiр», «На Купальле»…
— Акторскiя сiлы?
— Ой-ой-ой!.. А якiя пастаноўкi!.. Дэкарацыi… балет… аркестра…
— Ну?
— Кажу вам.
Адчуваецца, што Аляхновіч, які паверыў такім размовам і паплаціўся за гэта, пастфактум піша тут з сарказмам. Аднак у той момант падставаў для аптымізму ў яго сапраўды хапала. Напрыклад, у Беларускім драматычным тэатры-1 (Цяпер гэта Купалаўскі) паставілі пяць п’ес яго аўтарства, у папулярным тэатры Галубка — восем.
Паралельна сваю гульню вялі спецслужбы. Яны адправілі за мяжу беларуса Аляксандра Ульянава, якога прызначылі супрацоўнікам савецкай амбасады ў Польшчы. Гэты дыпламат і разведчык (мы расказвалі пра яго ў асобным тэксце) сярод іншага актыўна пераконваў эмігрантаў вярнуцца дадому. З яго дапамогай Аляхновіч атрымаў візу. Ён дамовіўся з жонкай, што паедзе першым, і калі ўсё складзецца добра, то застанецца ў СССР, а яна з двума дзецьмі пераедзе да яго.

Аляхновмч прыбыў у Мінск 17 лістапада 1926 года. Сутыкнуўшыся з прыёмам, поўным захаплення, ён вырашыў застацца і 26 снежня атрымаў савецкае грамадзянства. Але ўжо 1 студзеня 1927-га яго арыштавалі і абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы. Зрэшты, драматургу яшчэ адносна пашанцавала. «У першыя гады пасьля майго арышту фiзычнага прымусу пры допытах не было. Бiлi адно толькi на пагранiчных пастанях ГПУ. Цяпер гэта робiцца пры допытах даволi часта — нават у Маскве», — успамінаў ён у 1933 годзе. Да таварышаў Аляхновіча па няшчасці, арыштаваных пазней за яго, ужо ўжываліся катаванні.
Францішак нічога не прызнаў, атрымаў 10 гадоў і быў адпраўлены на Салавецкія астравы. Зрэшты, калі б ён падпісаў прызнанне ў шпіянажы, яго — паводле ўласных словаў — мог бы чакаць расстрэл.
Прыклад драматурга тады яшчэ здаваўся адзінкавым, беспрэцэдэнтныя масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся праз некалькі гадоў, прадбачыць было немагчыма. І дзеячы беларускага нацыянальнага руху працягвалі вяртацца ў БССР (напрыклад, менавіта так зрабіў адзін са стваральнікаў беларускай дзяржаўнасці Вацлаў Ластоўскі). Хто мог ведаць, што ўсіх іх наперадзе чакае расстрэл.
У той жа час і самі грамадзяне Савецкай Беларусі яшчэ не баяліся прасіць за несправядліва абвінавачаных (хай і без асаблівага выніку). У кастрычніку 1927-га ў гонар 10-годдзя з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне праходзіла амністыя. Група інтэлігенцыі — у тым ліку класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля — папрасіла ўключыць у спіс на вызваленне Аляхновіча. Ім адмовілі. У лістападзе таго ж года Гарэцкі напісаў яшчэ адзін асобны ліст, у снежні 1928-га пералічаныя людзі і іх калегі зрабілі трэцюю спробу. Але нічога не дапамагло: улады кожны раз былі супраць.
Салаўкі і апошні абмен
Якім было жыццё за кратамі? Драматург расказваў, як яшчэ ў перасыльнай турме змог часткова вырашыць праблему крымінальнікаў, якія забіралі ўсю ежу ў «палітычных». «Знайшоўшы месца на нарах памiж двома здаравеннымi вярзiламi, разлажыў свае запасы й пачаў частаваць сваiх новых суседзяў. Неўзабаве з iншых нараў пачалi злазiць нейкiя тыпы i наблiжацца да нас з выглядам галодных ваўкоў. „Ну! Чаго тут! Пайшлi вон! — рэагавалi мае новыя апякуны. — Усiх адзiн чалавек не накормiць!“ Я пераканаўся, што мая тактыка правiльная. Падкормлюючы гэтых двох хулiганаў, я меў шансы, што ўсе мае прадукты ня будуць пажортыя адразу. Каб ня гэта, я мог бы апынуцца ў якi-небудзь дзень зраньня бяз кусочку цукру, бяз папяросiны», — успамінаў ён у кнізе.
Умовы ў лагеры на Салаўках былі вельмі цяжкімі. «Нас будзілі, а трэцяй гадзіне ночы. У тры з паловай — праверка і раздача прыладаў: піл, сякер. А гадзіне чацвёртай выхад на працу ў лес. Ісці трэба было 10 кіламетраў, вяртацца таксама 10. Працаваць цяжка. А трэба вам ведаць, што панаваў там прынцып „дрына“, так завуць кій. Білі часта, не толькі за правіны, але і за невыкананне нормы працы. Натуральна, той, хто неяк атрымаў пратэкцыю ці нечым спадабаўся ахоўнікам, унікаў кары. Я, напрыклад, падараваў люльку. Меў добрую англійскую люльку. Падараваў яе ахоўнікам… Былі розныя кары. Распраналі да бялізны, і нейкі час трэба было прастаяць на марозе», — расказваў Аляхновіч у інтэрв'ю.
Аднак пік рэпрэсій яшчэ не надышоў, таму разам са здзекамі аховы, штодзённай працай, антысанітарыяй у Салаўках прысутнічалі і прыкметы адносна нармальнага турэмнага жыцця. Працаваў тэатр, пару разоў на тыдзень зняволеных вадзілі ў кіно, былі багатая бібліятэка і нават музей. «Нейкi час я выконваў абавязкi музэйнага стоража. Мая праца была нескладаная. Я прахаджаўся музэйнымi калiдорамi, а часам выстойваў пад дзьвярыма, пiльнуючы, каб „сацыяльна блiзкiя“ не павыкрадвалi экспанатаў», — расказваў Аляхновіч. З дапамогай іншых зняволеных беларусаў ён нейкі час працаваў у тэатры, але потым калектыў ліквідавалі. Пасля гэтага Францішак працаваў на складзе, у канцылярыі, быў вартаўніком, маляваў плакаты і лозунгі ў выяўленчым аддзеле і нават стаў яго кіраўніком. Аднак потым без тлумачэння быў «разжалаваны» ў звычайнага арыштанта.

А потым у жыцці драматурга адбыліся нечаканыя перамены. 13 ліпеня 1933 года яго пасадзілі ў ізалятар, 15-га адправілі ў Ленінград, адтуль 17-га ён прыбыў у Маскву. Аляхновіча пасадзілі ў перасыльную камеру Бутырскай турмы, дзе ён знаходзіўся да пачатку восені. Менавіта тады і пачаліся перамовы наконт яго абмену.
Як гэта стала магчыма? Яго віленскія сябры, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, склалі ліст з просьбай абмяняць Аляхновіча і перадалі яго ў Варшаву. Дакумент удалося данесці да Пілсудскага. Той спачатку быў супраць, але яго здолелі ўгаварыць.
Аднак перамовы з Масквой ішлі доўга. «Мой вiленскi знаёмы, б[ылы] рэдактар, Мар’ян Сьвяхоўскi <…> гэтым часам жыў у Варшаве i горача ўзяў да сэрца справу майго вызваленьня. Не займаючы нiякага адказнага становiшча, ён, аднак, меў вялiкiя ўплывы, i зь iм лiчылiся людзi, якiя кiравалi дзяржавай. Ён быў бадай што не штодзённым гасьцём у мiнiстэрстве замежных справаў на Вежбовай вулiцы. Пабачыўшы яго, мiнiстэрскiя чыноўнiкi з жахам выкрыквалi: „Ах, пане Мар’яне! Вы йзноў будзеце гаварыць аб Аляхновiчу! He кажэце, калi ласка, нiчога. Ужо робiцца! Робiцца ўжо“», — расказваў драматург.
Толькі 4 верасня 1933 года, пасля паўтара месяца ў Бутырцы, Францішка пагалілі (у перасыльных камерах не было такой традыцыі), адправілі ў лазню, далі новую ніжнюю бялізну замест той, што не мянялася шэсць тыдняў. Пасля гэтага Аляхновіча перавялі ў іншае крыло турмы, у адзіночную камеру, дзе далі вялікую міску кашы, чай, дзесяць цыгарэт, чыстую пасцель і падушку. Крыху пазней выдалі новую вопратку. І толькі за дзень да выезду на мяжу ён даведаўся, што дасягнутае пагадненне пра яго перадачу ў Польшчу.

Парадаксальна, але абмен у сталінскія часы праходзіў больш чалавечна, чым за Лукашэнкам. Цяпер палітвязняў таксама пераводзяць перад вызваленнем у іншую турму, даюць лепшую ежу, але пры гэтым (як паказала сітуацыя з Сяргеем Ціханоўскім, Наталляй Дулінай і іншымі, каго абмянялі ў канцы чэрвеня) вязуць на перадачу з мяшком на галаве і нічога не гавораць да апошняга.
Аляхновіч паспеў ускочыць літаральна ў апошні вагон. Як ужо адзначалася, у 1932-м масавыя абмены завяршыліся. Францішак згадваў у сваёй кнізе, што праз месяц пасля яго абмену ў Літву перадалі ксяндзоў, з якімі ён разам сядзеў у Бутырцы. Але гэтым усё і скончылася. Калі б Аляхновіч не выйшаў тады на волю, у 1937-м ён амаль са стапрацэнтнай імавернасцю быў бы расстраляны.
Лічыльнікі ўдзень, мемуары ўночы
Такім чынам, насустрач Аляхновічу ў Савецкую Беларусь пайшоў Браніслаў Тарашкевіч, сябра Акадэміі навук Беларусі і стваральнік першай беларускай граматыкі. Да таго часу яе, недастаткова савецкую, ужо замянілі так званай наркамаўкай — новай, бліжэйшай да рускай мовы сістэмай правапісу, прынятай падчас рэформы 1933 года. Тарашкевічу не дазволілі застацца ў Мінску, а адправілі на працу ў Маскву, у Міжнародны аграрны інстытут.
А ўжо ў 1937-м яго арыштавалі. У пачатку наступнага года асудзілі на расстрэл, аднак мучылі яшчэ больш за дзевяць месяцаў, трымаючы ў спецыяльным рэжымным корпусе НКУС у мінскай гарадской турме — цяперашняй Валадарцы. За гэты час Тарашкевіча змусілі даць паказанні на 249 чалавек. А пасля бязлітасных катаванняў расстралялі.
Аляхновіч жа прыехаў у родную Вільню, якая тады ўжо належала Польшчы. За лагерныя гады жонка сышла ад яго, але з дзецьмі ён меў зносіны. «Бацька быў чалавекам вады, — расказваў яго сын Юры. — Як толькі цяплела, мы сядалі ў каяк (байдарку. — Заўв. рэд.) і цэлы дзень плылі па Вяльлі. Толькі позьнім вечарам спыняліся, ішлі на начлег у якую‑небудзь незнаёмую хату. На вячэру была традыцыйная бульба і вялікая міска з кіслым малаком. І кожны са сваёй лыжкай».
У грамадскім жыцці Францішку было складана. Пра яго распаўсюджвалі чуткі, што ён агент савецкіх спецслужбаў ці польскай дэфензівы. Многія беларускія арганізацыі тады арыентаваліся на СССР, таму месца ў іх Аляхновіч не знайшоў. Магчымасцяў займацца тэатрам ва ўмовах паланізацыі таксама не было. Сябры дапамаглі яму ўладкавацца ў самакіраванне на пасаду кантралёра электрычных лічыльнікаў.
У вольны час ён пісаў успаміны. Першапачаткова Францішак хацеў зрабіць гэта на роднай мове, але газета «Беларуская крыніца» адмовіла яму ў публікацыі нават без ганарару. Рэдакцыя ж польскай газеты «Słowo» сама зрабіла прапанову, таму ён пачаў пісаць кнігу па-польску і публікаваў яе там фрагментамі.
«Паслаў свой перакладзены рукапiс у расейскай мове ў газэту „Возрожденiе“ ў Парыж. Надрукавалi. Прыслалi грошы. Тады я сваiм коштам выпусьцiў свае ўспамiны кнiжкай у польскай мове. Зарабiў. Кнiжка разыйшлася. Знайшоўся выдавец на другое выданьне. Зьвярнулася да мяне фiрма G. Nerbini з Фiрэнцэ (Фларэнцым. — Заўв. рэд.). Выдрукавалi па-iтальянску La verita sulla Russia Bolscevica. Атрымаў прапановы з Рыо-дэ-Жанэйро. Зьявiлася Sete annos nas garras sovieticas па-партугальску. Друкавала мяне ўкраiнскае „Дiло“, а пасьля выпусьцiла асобнай кнiжкай „7 лiт на Соловках“», — успамінаў Аляхновіч.
Толькі ў 1937 годзе ён, пераклаўшы кнігу на беларускую, выпусціў «У капцюрох ГПУ» на роднай мове, але быў вымушаны сам займацца яе распаўсюдам (у тым ліку дасылаючы знаёмым).

Два стрэлы на парозе
Спакойнае жыццё Аляхновіча працягвалася нядоўга. Падпісаўшы пакт Молатава — Рыбентропа, сталінскі СССР і нацысцкая Германія падзялілі Усходнюю Еўропу на сферы ўплыву. Польшча была акупаваная немцамі. Вільню як «траянскага каня» перадалі Літве, размясціўшы там савецкія войскі. Ужо ў 1940-м гэтая рэспубліка, як і іншыя краіны Балтыі, была акупаваная, атрымала марыянеткавую, падведамную Крамлю ўладу і страціла незалежнасць.
Аляхновіч быў вымушаны хавацца. Змяніўшы выгляд, ён жыў пад Вільняй. «Мне, непрывыкшаму да сельскай гаспадаркі, цяжка было. Далі мне ў рэшце рэштаў найлягчэйшую работу — пасьціць жывёлу. Я меў пад сваёй апекай чатыры каровы, якія пасьціў на лясным квадраце, па бакох якога расьлі: жыта, бульба, капуста… Як я ні сачыў за сваймі кароўкамі, заўсёды адна ішла ў шкоду. Выганю адну з жыта, бачу — другая ўжо гаспадарыць у бульбе, выганю яе з бульбы, а тут трэйцяя ўжо пажырае капусту… І гэтак увесь час даводзілася кідацца з аднаго боку ў другі, прабіраючыся празь лясныя кусты, гальлё», — успамінаў Францішак. Калі надышлі халады, ён вярнуўся ў горад і начаваў па чарзе ў сямі прыяцеляў і знаёмых, кожны дзень мяняючы месца. Аднак ішлі арышты, і знаёмыя адно за адным адмаўляліся яго прымаць.
Толькі калі на СССР напала нацысцкая Германія, Аляхновіч змог легалізавацца. Спрабуючы дапамагчы беларусам, ён стаў адным са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта, які хадайнічаў перад акупантамі пра вызваленне нашых суайчыннікаў з турмаў, узяў пад апеку беларускую гімназію і музей (яны паспяхова дзейнічалі за нацыстамі і былі закрытыя, калі ім на змену прыйшлі камуністы). У 1942-м драматург таксама стаў рэдактарам штотыднёвіка «Беларускі голас». У ім друкаваліся афіцыйныя зводкі з фронту, якія падаюцца акупантамі, а таксама матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. Ніякіх тэкстаў Аляхновіча, якія ўсхваляюць нацысцкую ўладу, даследчыкі не знайшлі.
Атрымаўшы магчымасць займацца творчасцю, Аляхновіч рэдагаваў свае ранейшыя творы, а таксама ў 1943-м напісаў новую п’есу — «Круці не круці — трэба памярці». Яе назва, пазычаная з фальклору, аказалася для аўтара прарочай.
3 сакавіка 1944 года ў дзверы яго кватэры пазванілі. Не дапісаўшы ўспамінаў, гаспадар пайшоў адчыняць. На парозе стаялі двое. Аляхновіч правёў іх у свой кабінет. Нейкі час ішла спакойная размова, а потым прагучаў стрэл.
«Ходзіць шмат меркаванняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць [польская] Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак, хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома», — пісала ў мемуарах адна з мясцовых жыхарак. Пазней высветлілася, што гэта зрабілі літоўскія савецкія партызаны, пра што прызналіся ў данясенні ў Маскву. Драматург не дажыў шэсць дзён да свайго 61-годдзя.
Забойства Аляхновіча выклікала шок. Хаваць яго выйшлі тысячы людзей. Труну Францішка, накрытую нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, паклалі на раскошны катафалк, які везла чацвёрка коней. За труной моладзь несла 26 вянкоў, потым ішлі вучні беларускіх школ, аркестр і духавенства.

Страх даўжынёй паўстагоддзя
Драматурга пахавалі на адных з мясцовых могілак. Аднак у 1960-м апошнія знеслі. Толькі ў 1989-м адбылося сімвалічнае перапахаванне Аляхновіча на знакамітых віленскіх могілках, дзе цяпер стаіць помнік-кенатаф.
Дзеці драматурга змаглі выехаць у Польшчу, але ўсё жыццё нікому не прызнаваліся ў сваяцтве з ім. Яшчэ ў 1990-м Юрыю, сыну драматурга, патэлефанавала дачка. Сказала, што бачыла кнігу нейкага Францішка Аляхновіча, і спытала, ці не сваяк ён ім. Але Юры адказаў, што не ведае гэтага чалавека. Страх сядзеў у ім доўгія гады. Ён расказваў, што пасля Другой сусветнай усяляк спрабаваў не высоўвацца: выступаў на мітынгах, прапагандаваў камунізм, у які не верыў.
Аднак у нейкі момант — усё адбывалася яшчэ пры жыцці савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна — Юрыя выклікалі ў партыйны камітэт, дзе паказалі дзве яго біяграфіі. Адну — якую напісаў ён сам, што нібыта паходзіць з рабочай сям'і. А другую — сапраўдную. «Ён расказваў, што калі пабачыў сапраўдную, то ў яго зямля ўцякла з-пад ног. Першы сказ: „Ежы Аляхновіч — сын беларускага нацыяналіста Францішка Аляхновіча“. Далей ён ужо нічога ня бачыў, у яго затрэсьліся ногі. Яму пашанцавала, яго проста выгналі з партыі. А магло быць па-рознаму, гэта ж яшчэ было пры Сталіну», — тлумачыла гісторык Алена Глагоўская. Яна знайшла Юрыя ў пачатку нулявых гадоў, і толькі тады яго нашчадкі даведаліся, кім быў іх дзед Францішак. Нават не ведаючы пра гэта, праўнучка драматурга стала тэатразнаўцай.
Больш за дзесяць гадоў таму ў Беларусі з’явілася прэмія імя Францішка Аляхновіча — яе ўручаюць за творы, напісаныя ў зняволенні. На жаль, рэдкі год цяпер абыходзіцца без новых лаўрэатаў.
Чытайце таксама


