Аляксандр Лукашэнка часта гаворыць пра ідэалогію. І не толькі гаворыць, але і падпісвае профільныя дакументы — напрыклад, у красавіку гэтага года ім стала дырэктыва № 12 «Пра рэалізацыю асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Афіцыйна ў Беларусі не існуе пасады «галоўнага ідэолага», аднак традыцыйна гэтую сферу курыруе намеснік ці першы намеснік Адміністрацыі Лукашэнкі. З 1994 года гэтую пазіцыю займалі 12 чалавек: адзін ненавідзеў беларускую мову, другі цяпер жыве ў ЗША, трэцяя вярнулася ва ўладу. Расказваем, як склаліся лёсы галоўных ідэолагаў краіны пасля таго, як яны страцілі гэтую пасаду.
Лічыў непатрэбнай незалежную Беларусь
Першым беларускім ідэолагам быў Уладзімір Замяталін, пра якога мы расказвалі ў асобным тэксце. Ён нарадзіўся ў 1948-м у расійскім горадзе Тула, працаваў палітруком у войску і, апынуўшыся ў Беларусі, даслужыўся да звання палкоўніка. Пасля распаду СССР узначальваў прэс-цэнтр Мінабароны, быў прэс-сакратаром прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, фактычнага кіраўніка Беларусі.
На першых прэзідэнцкіх выбарах у тым ліку змагаўся з Лукашэнкам, але калі той перамог, перайшоў у яго каманду. У пачатку 1995-га ён стаў начальнікам Упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, пазней перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі. Ён забараніў да паказу фільм «На Чорных лядах», прысвечаны антысавецкаму Слуцкаму паўстанню 1920-га, забараняў друкаваць незалежныя СМІ, выкрэсліваў з планаў выдавецтваў кнігі і, як прызнаваўся паэту Уладзіміру Някляеву, лічыў непатрэбным існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы.

У студзені 1997-га Замяталін пайшоў з паніжэннем на пасаду кіраўніка Камітэта па друку (так тады называлася Міністэрства інфармацыі), потым быў віцэ-прэм'ерам, а ў чэрвені 2000-га стаў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, дзе зноў адказваў за ідэалогію. Другое прышэсце аказалася нядоўгім: у верасні 2001-га пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, вынік якіх у тым ліку забяспечыў Замяталін, яго знялі з пасады.
Адстаўны палкоўнік усплыў толькі аднойчы: у 2006−2010 гадах быў дырэктарам кінастудыі «Беларусьфільм». У 2018-м трапіў у скандал, патрабуючы, каб у краме яму адказвалі па-руску. У 2019-м памёр, пражыўшы 71 год.
Эміграваў у ЗША
У лютым 1997-га намеснікам кіраўніка Адміністрацыі стаў Іван Пашкевіч. Ён нарадзіўся ў 1955-м у Столінскім раёне, пачынаў як слесар-аўтарамонтнік, працаваў у камсамоле. У 1996-м быў адным з тых, хто дапамагаў Лукашэнку арганізаваць дзяржаўны пераварот — праз прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая дала гэтаму палітыку амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы (чым і ганарыўся праз гады).
На сваёй пасадзе Пашкевіч удзельнічаў у перамовах з апазіцыяй, стаяў на перашкодзе незалежнай пресы. А калі «эскадроны смерці» забілі апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара, цынічна заявіў, што апошні (як і экс-міністр унутраных справаў Юрый Захаранка) інсцэніяваў сваё знікненне, бо пра яго пачалі забываць, а сам, «хутчэй за ўсё, <…>, выехаў за мяжу ці на адно з лецішчаў сваіх знаёмых».

У 2000-м яго зрабілі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе Пашкевіч пачаў агучваць нязгоду з палітыкай уладаў у пытанні рэлігіі і нават далучыўся да апазіцыйнай групы «Рэспубліка». Калі яго паўнамоцтвы скончыліся, стаў дарадцам старшыні Саюза евангелісцкіх хрысціян-баптыстаў і нават у адкрытым лісце раскрытыкаваў Лукашэнку за ціск на пратэстантаў. У 2006-м эміграваў у ЗША.
Апошні раз Пашкевіч нагадваў пра сябе ў 2020-м, перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі: прыводзіў звесткі сацапытанняў, якія нібыта праводіў. Тады мужчына займаўся рускамоўнай хрысціянскай газетай «Новое слово» і часопісам «Источник», але інфармацыі пра гэтыя СМІ цяпер няма. Цяпер экс-ідэолагу 70 гадоў.
Быў прыніжаны і паніжаны Лукашэнкам
Пасля другога адыходу Замяталіна яго месца заняў Станіслаў Князеў. Ён нарадзіўся ў 1948-м у расійскім Новасібірску. Пасля школы адразу пайшоў у армію. У сярэдзіне 1980-х два гады ваяваў у Афганістане. У першай палове 1990-х кіраваў контрразведкай незалежнай Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — 1994 яго зрабілі генерал-маёрам, але Лукашэнка адным з першых указаў панізіў яго ў званні да палкоўніка. Князеў стрываў прыніжэнне, адседзеўся, пасля чаго зноў стаў генерал-маёрам, у лютым 2001-га — намеснікам, а неўзабаве і першым намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі. У верасні таго ж года заняў пазіцыю намесніка кіраўніка Адміністрацыі.

Потым у сакавіку 2003-га Князева панізілі — ён стаў рэктарам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Пазней, у 2011-м, заняў аналагічную пасаду ў Міжнародным універсітэце «МІПСА». З 2019-га загадвае ў Акадэміі кіравання кафедрай дзяржаўнага кіравання.
Перыядычна яго залучаюць у абслугоўванне прапагандысцкіх акцый. У 2021-м ён заявіў на тэлебачанні, што ЗША нібыта камусьці выдзелілі грошы на «парадку 150 уседарожнікаў з буйнакалібернымі кулямётамі» для фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі. У 2023-м параўноўваў Польшчу з гітлераўскай Германіяй. Цяпер экс-контрразведчыку і ідэолагу 76 гадоў.
Атрымаў за катэдж 600 тысяч даляраў
Алег Праляскоўскі аказаўся трэцім з чатырох першых галоўных ідэолагаў, якія нарадзіліся ў Расіі, — ён прыйшоў на свет у 1963-м у Загорску (цяпер Сергіеў Пасад) Маскоўскай вобласці. Атрымаў адукацыю ў Мінскім інжынерным зенітным ракетным вучылішчы СПА, служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі, выкладаў у гэтым вучылішчы. Цікава, што ў 1994-м, удзельнічаючы ў тэлеперадачы «5 зорак», ён, тады маёр, размаўляў па-беларуску. З выкладання Праляскоўскі пайшоў у Службу бяспекі Лукашэнкі, узначальваў інфармагенцтва БЕЛТА, а ў 2003−2006 гадах у званні палкоўніка курыраваў ідэалогію ў якасці намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Пасля гэтага яго кар’ера плаўна пайшла ўніз. Наступныя два гады ён узначальваў у Адміністрацыі галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне і загаварыў прапабудову ў Беларусі карпаратыўнай дзяржавы (яе ствараў італьянскі дыктатар Беніта Мусаліні). У 2008−2009 гадах быў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі, потым, да 2014-га, — міністрам інфармацыі. На гэтай пасадзе выступаў супраць перавыдання твораў айчыннага класіка Уладзіміра Караткевіча, спрабаваў праз суд закрыць незалежныя газеты «Наша Ніва» і «Народная воля» і адбіраў ліцэнзію ў выдавецтва «Логвінаў». Хадзілі непацверджаныя чуткі, што адыход Праляскоўскага звязаны з карупцыяй і цікавасцю да яго з боку сілавікоў.
Пасля гэтага экс-ідэолаг не нагадваў пра сябе. Знаёмыя казалі, што ён вярнуўся на радзіму ў Сергіеў Пасад. У ліпені 2025 года прадаў дом у Драздах, атрымаўшы за яго 600 тысяч даляраў. Праляскоўскі, як і іншыя чыноўнікі, атрымаў гэты ўчастак з парушэннем закона: іх мусяць вылучаць па выніках аўкцыёнаў, але фактычна размяркоўвалі ў абыход гэтага. Цяпер экс-ідэолагу 61 год.
Напісаў вершы пра «туалецішча»
Праляскоўскага змяніў Анатоль Рубінаў. Фізік паводле адукацыі, ён нарадзіўся ў 1939 годзе ў Магілёве і большую частку жыцця працаваў у навуковай сферы. Абараніў доктарскую дысертацыю, стаў акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук. Ужо будучы пенсіянерам, у 2002-м узначаліў Вышэйшую атэстацыйную камісію (прымае рашэнне пра прысуджэнне навуковых ступеняў і званняў), у 2006-м стаў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У сваім праграмным артыкуле абараняў савецкую спадчыну, крытыкаваў нацыяналізм і рэлігію — з пазіцыі атэізму. У 2008-м яго перавялі на пасаду намесніка кіраўніка Савета Рэспублікі, у 2010−2015 Рубінава павысілі да кіраўніка. У 2010-м Рубінаў выпусціў два зборнікі вершаў у дзяржаўным выдавецтве. Вось урывак аднаго з іх:
Ох, народ ты наш, народ,
Ох, народище!
Из полтысячи пород —
Одна породища!
Наш один — за ихних двух —
Только дай борща…
И раз в двадцать крепче дух…
Из туалетища.
Таксама ён прапаноўваў увесці ў Беларусі расійскі рубель і сцвярджаў, што нашая краіна ніколі не мела сваёй дзяржаўнасці. Цяпер Рубінаў на пенсіі, яму 86 гадоў.
Вербавала ў эскорт
Пра Наталлю Пяткевіч, якая змяніла Рубінава, мы таксама выпускалі асобны тэкст. Яна нарадзілася ў 1972-м у Мінску. У яе расійскія карані: дзядуля прывёз сям’ю ў беларускую сталіцу з Сібіры. У 1994-м скончыла юрыдычны факультэт БДУ і адразу ж трапіла на працу ў створаную тады Адміністрацыю прэзідэнта. Праз сем гадоў стала прэс-сакратаркай Лукашэнкі. У 2003-м, пасля пажару ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, публічна назвала 31 загінулага «псіхічна ненармальнымі людзьмі».

У 2004-м яна стала намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, праз пяць гадоў — першай намесніцай, пачаўшы курыраваць ідэалогію. На гэтай пасадзе яна выступала супраць беларускай культуры: спрабавала закрыць спектакль Купалаўскага тэатра, супрацьдзейнічала раскрутцы брэнда Радзівілаў як гаспадароў Нясвіжскага замка і г. д. У снежні 2010-га без тлумачэння прычын яе звольнілі. Яна яшчэ тры гады была памочніцай Лукашэнкі і на гэтай пасадзе спрабавала завербаваць акторку Купалаўскага Крысціну Дробыш у эскорт палітыка. У 2014-м Пяткевіч звольнілі з дзяржслужбы — паводле чутак, пасля таго, як яна злучыла свайго начальніка з пранкерам Ваванам, які патэлефанаваў у Адміністрацыю і прадставіўся сынам экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.
Пяткевіч працавала ў бізнесе, але далёка ад улады не адыходзіла: яе трэці муж, Валянцін Рыбакоў, — прадстаўнік Беларусі ў ААН. А ў чэрвені 2024-га экс-чыноўніцу нечакана вярнулі з нябыту, прызначыўшы на старую пасаду першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі. У траўні 2025-га перавялі на пазіцыю віцэ-прэм'ера, адказнага за сацыяльную сферу. «Гэта не паніжэнне Пяткевіч да ўзроўню віцэ-прэм'ера, а павышэнне значнасці пасады віцэ-прэм'ера да ўзроўню Пяткевіч», — лічыў экс-супрацоўнік Адміністрацыі Анатоль Котаў, які знік у жніўні. Цяпер Пяткевіч 52 гады.
Пісаў мемуары і кнігу пра Лукашэнку
Аляксандр Радзькоў з’явіўся на палітычным гарызонце ў 2003-м. Тады рэктара Магілёўскага дзяржуніверсітэта, які нарадзіўся ў 1951-м у Быхаўскім раёне, прызначылі міністрам адукацыі. За яго часам гісторыю і геаграфію Беларусі на жаданне бацькоў дазволілі выкладаць на любой з дзяржаўных моваў. Па факце іх перавялі на рускую. У 2007-м ён стаў першым кіраўніком аб’яднання «Белая Русь», якая сістэматычна брала ўдзел у фальсіфікацыях усіх выбараў, якія праводзіліся ў Беларусі. На сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах 2010-га Радзькоў узначальваў выбарчы штаб Лукашэнкі, пасля чаго стаў першым намеснікам кіраўніка яго Адміністрацыі і адказваў за ідэалогію.

У 2014-м Радзькова перавялі на пасаду памочніка Лукашэнкі, у наступным годзе адправілі ў адстаўку. Аднак увесь гэты час ён паралельна кіраваў аб’яднаннем «Белая Русь» і сышоў адтуль толькі ў 2018-м. Экс-чыноўнік напісаў мемуары «Дискретный подход к наблюдению жизни», за якія атрымаў Нацыянальную прэмію па літаратуры.
Цяпер Радзькову 74 гады. Сёлета выйшла кніга «Наш президент», прысвечаная Лукашэнку — экс-чыноўнік стаў яе суаўтарам.
Сын палкоўніка КДБ, актывіст БРСМ
Радзькова памянялі на Ігара Бузоўскага. Ён нарадзіўся ў 1972 годзе ў Навагрудскім раёне ў сям'і афіцэра КДБ, які пазней у званні палкоўніка змагаўся з беларускай апазіцыяй. Скончыў Мінскае вышэйшае вайсковае вучылішча, аднак вайсковая служба прыйшлася яму недаспадобы. Бузоўскі пайшоў у сферу адукацыі, але кар’еру зрабіў у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі, які ўзначальваў у 2010−2014 гадах. З БРСМ Бузоўскі і пайшоў на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі, дзе курыраваў пытанні ідэалогіі. Аднак у снежні 2016-га яго адправілі ў адстаўку з самай крыўднай для чыноўніка прычыны — Лукашэнка скараціў яго пасаду.

Бузоўскаму далі другі шанец — у 2017-м зрабілі кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы. Не справіўся і там — у 2018-м перавялі ў Міністэрства інфармацыі на пасаду намесніка міністра. «Вялікае шчасце, што сёння мы не бачым на кніжных паліцах кніг, якія прызнаныя» экстрэмісцкімі"", — заяўляў Бузоўскі ў 2022-м. У чэрвені 2024-га яго прызначылі рэктарам Акадэміі кіравання. Цяпер яму 53 гады.
Вайсковец, які не запомніўся нічым
Пасля адстаўкі Бузоўскага яго функцыі размеркавалі паміж прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант і новым першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Максімам Рыжанковым. Аднак любоў Лукашэнкі да ідэалогіі перамагла: у красавіку 2018-га стаўку Бузоўскага вярнулі — яе заняў мала каму вядомы Уладзімір Жаўняк.

Ён нарадзіўся ў 1968-м у Хойніках, скончыў Новасібірскае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча па спецыяльнасці «правазнаўства». Доўга служыў у арміі — спачатку савецкай, потым беларускай. У 2002-м перайшоў на працу ў Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці (цяпер гэта Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі), дзе дарос да намесніка дырэктара.
Які-кольвек досвед публічнай дзейнасці ў яго адсутнічаў, на гэтай пасадзе экс-вайсковец ніяк сябе не праявіў і нічым не запомніўся. У жніўні 2019-га яго адправілі ў адстаўку. Пасля гэтага Жаўняку дасталася сінекура: ён працуе намеснікам кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску. Яму 57 гадоў.
Экс-ліберал і аўтар вершаў
На месца Жаўняка прыйшоў Андрэй Кунцэвіч — журналіст паводле першай прафесіі, які нарадзіўся ў 1979 годзе. Паводле афіцыйнай інфармацыі — у Магілёве, паводле неафіцыйнай — у Бялынічах. Сваю кар’еру ён пачынаў загадчыкам аддзела лістоў газеты «Зара над Друццю» з Бялынічаў. Аднойчы ён прыйшоў да Генадзя Лаўранкова — тады памочніка Лукашэнкі і інспектара па Магілёўскай вобласці, прапанаваў яму свой план развіцця газеты і папрасіў пасаду рэдактара. Той пагадзіўся. Пазней, у 2009-м, журналіст стаў чыноўнікам і — займаючыся ідэалогіяй і культурай — дарос у 2017-м да пасады намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, адкуль праз два гады пераехаў у Мінск. Да гэтага Кунцэвіч свабодна выступаў на беларускай мове, казаў пра неабходнасць яе шырокага выкарыстання на мерапрыемствах, пісаў на роднай мове вершы, а таму ўспрымаўся цалкам ліберальным чыноўнікам.

У 2020-м ён не запомніўся нейкімі жорсткімі выказваннямі ў адрас пратэстоўцаў, але і захаваў лаяльнасць улады. Аднак гэтага было недастаткова для знаходжання на такой высокай пасадзе. У красавіку 2021-га яго з паніжэннем адправілі на пасаду першага намесніка міністра інфармацыі, на якой ён знаходзіцца дагэтуль. За гэты час былі закрытыя дзясяткі незалежных СМІ, дзясяткі журналістаў затрымліваліся і атрымлівалі турэмныя тэрміны. У ліпені 2025 года Кунцэвіч заявіў, што за пяць гадоў да гэтага людзі апякліся і зразумелі, што не хочуць быць разменнай манетай у барацьбе за розумы. Таму, маўляў, сталі больш акуратнымі з пункту гледжання спажывання і даверу крыніцам інфармацыі. Цяпер экс-ідэолагу 45 гадоў.
Закрываў TUT.BY
Кунцэвіча змяніў Ігар Луцкі. Ён нарадзіўся ў 1972-м у Століне, але дзяцінства і юнацтва пражыў у суседняй вёсцы Белавушы (тамсама вучыўся і Павел Калаўр, які больш за дзесяць гадоў кіраваў Нацбанкам). Змяніў мноства пасадаў, з сярэдзіны нулявых працаваў у сферы, звязанай са СМІ: у тым ліку ў БЕЛТА, на СТБ (кіраўнік тэлеканала), у Міністэрстве інфармацыі — у чэрвені 2020-га ўзначаліў гэтае ведамства. На гэтай пасадзе ў канцы верасня таго ж года прыпыніў статус СМІ для партала TUT.BY, а ў траўні 2021-га яго загадам міністэрства абмежавала доступ да сайта самага папулярнага медыя краіны. Пазней прызнаўся, што асабіста зрабіў усё для закрыцця партала. «Я ж прайшоў усе судовыя інстанцыі, закрываючы TUT.BY, па-простаму кажучы», — адзначаў ён.

У красавіку 2021-га яго перавялі ў Адміністрацыю — адказваць за ідэалогію. У траўні 2023-га Луцкі, які ніколі не служыў у войску, выказаў незадаволенасць пацыфізмам сярод моладзі. У чэрвені таго ж года скардзіўся на «не да канца раскрыты патэнцыял піянерыі» і прапаноўваў праводзіць бацькоўскія сходы ва ўніверсітэтах і арміі. У чэрвені 2024 года Луцкага прызначылі кіраўніком тэлеканала АНТ. Цяпер яму 52 гады.
Зрабіў кар’еру дзякуючы цесцю
Цяперашні галоўны ідэолаг Уладзімір Пярцоў, які нарадзіўся ў 1974-м у Віцебску, зрабіў кар’еру дзякуючы аднаму са сваіх сваякоў і па сумяшчальніцтве папярэднікаў. Будучы кіраўніком тэлеканала «РТР-Беларусь» ён пачаў сустракацца з вядоўцай Юліяй Радзьковай, дачкой Аляксандра Радзькова. Службовы раман завяршыўся шлюбам. Калі Радзькова забралі ў Мінск, рэзка пайшла ўверх і кар’ера Пярцова.

Ён стаў дырэктарам прадстаўніцтва тэлеканала Мир" у Беларусі, у 2021-м — міністрам інфармацыі. Пры ім у краіне закрываліся незалежныя СМІ, а журналісты атрымлівалі тэрміны за сваю працу. У красавіку 2024-га Пярцоў стаў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі і галоўным ідэолагам. Разам з цесцем папрацаваў над кнігай «Наш президент». З апошніх актыўнасцяў Пярцова — распрацоўка ключавых паказчыкаў эфектыўнасці ідэалагічнай работы, якія пакуль абкатваюць, а ўкарэняць ужо ў 2026-м. Цяпер мужчыну 51 год.
Чытайце таксама


