Былы пализняволены грамадзянін ЗША Юрый Зянковіч рыхтуецца падаць у амерыканскі суд пазовы супраць Аляксандра Лукашэнкі, Камітэта дзяржбяспекі і шэрагу сілавікоў. На прэс-канферэнцыі ў Варшаве ён расказаў, на якія амерыканскія законы будзе абапірацца і як на справу паўплывае нядаўні кампліментарны званок Дональда Трампа «моцнаму лідару Беларусі».

«Хочам паказаць, што нават суверэнную краіну, Рэспубліку Беларусь, можна прыцягнуць да адказнасці»
— Нашая мэта простая і адначасова складаная: дабіцца юрыдычнай адказнасці ад рэжыму і ад асобных яго дзеячаў за рэпрэсіі, катаванні і здзекі з людзей у рамках пенітэнцыярнай сістэмы лукашэнкаўскага рэжыму, — заявіў Юрый Зянковіч.
Амерыканскі адвакат, які прабыў у беларускіх турмах больш за чатыры гады па «справе пра дзяржпераварот», збіраецца найбліжэйшымі днямі падаць іскавыя заявы ў Федэральны суд горада Нью-Ёрка і ў суд гэтага штата. Зянковіч кажа, што плануе задзейнічаць унікальныя для амерыканскай прававой сістэмы інструменты, якія дазваляюць пераследаваць замежных чыноўнікаў і нават цэлыя дзяржавы.
— Мы хочам паказаць, што нават дзяржава не можа беспакарана хавацца за імунітэтамі і што нават суверэнную краіну, Рэспубліку Беларусь, можна прыцягнуць да адказнасці, — адзначыў ён.
Прававой асновай для пазоваў стануць некалькі законаў ЗША:
- FSIA (Закон пра імунітэты замежных суверэнаў, 1976 года). Са словаў Зянковіча, ён дазваляе падаваць у суд на іншыя дзяржавы ў выключных выпадках, такіх як катаванні, забойствы або тэрарыстычная дзейнасць;
- TVPA (Закон пра абарону ахвяр катаванняў, 1991 года) і ATS (Закон пра правапарушэнні ў дачыненні да замежных грамадзян). Гэтыя акты даюць магчымасць пераследаваць у амерыканскіх судах канкрэтных фізічных асоб, вінаватых у парушэнні правоў чалавека за межамі ЗША;
- RICO (Закон пра барацьбу з рэкетам і карумпаванымі арганізацыямі, 1970 года). Зянковіч падкрэслівае, што гэты закон дазваляе прыцягваць да адказнасці арганізаваныя злачынныя групоўкі.
«Што да судовых выдаткаў, паводле маіх падлікаў, гэта будзе сума парадку некалькіх тысяч даляраў»
Ключавой задачай юрыст бачыць стварэнне прэцэдэнту. Ён спаслаўся на паспяховыя справы супраць Ірана і Венесуэлы, улады якіх выплацілі сотні мільёнаў і мільярды даляраў кампенсацый ахвярам з замарожаных у ЗША актываў. Аднак ёсць важнае адрозненне: Іран афіцыйна прызнаны ў ЗША дзяржавай — спонсарам тэрарызму, а Беларусь — не.
— Адно з патрабаванняў маёй іскавай заявы — прызнаць, што здарэнне 11 красавіка 2021 года ў Маскве, калі мяне і Аляксандра Фядуту выкралі, было актам міжнароднага тэрарызму. Калі мне ўдасца гэта даказаць, то далей шлях будзе адкрыты для любых палітвязняў, — патлумачыў адвакат.
Сярод адказчыкаў у пазовах будуць фігураваць Рэспубліка Беларусь як дзяржава, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, яго найвышэйшыя афіцэры, асабіста Аляксандр Лукашэнка, а таксама начальнікі турмаў і супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Акрамя таго, да адказнасці плануецца прыцягнуць суддзяў і пракурораў, якія, на думку Зянковіча, выносілі загадзя неправасудныя прысуды.
Юрый Зянковіч падкрэсліў, што не збіраецца абвяшчаць збор сродкаў або шукаць гранты на вядзенне справаў.
— Асноўныя выдаткі ў амерыканскіх судах — гэта выдаткі на адвакатаў. Паколькі я сам адвакат, для мяне гэта бясплатна, калі не лічыць таго часу, які я на гэта выдаткоўваю. Што да судовых выдаткаў, то, паводле маіх падлікаў, гэта будзе сума парадку некалькіх тысяч даляраў. Я збіраюся кампенсаваць гэта з уласных сродкаў, — заявіў ён.
Што да магчымых кампенсацый, то іх крыніцай, на думку Зянковіча, могуць стаць замарожаныя актывы беларускіх уладаў. На пытанне, ці існуюць яны, адвакат адказаў сцвярджальна.
— Яны ёсць у Франкфурце і ў Нью-Ёрку. Там ёсць актывы Нацыянальнага банка, якія трапілі пад замарозку, актывы беларускіх банкаў і «Белнафтахіма», якія арыштаваныя ў ЗША яшчэ з 2011 года. Іх можна забраць. Іншая рэч — гэта палітычнае рашэнне. Адна рэч — атрымаць юрыдычнае рашэнне пра віну беларускай дзяржавы, а іншая — ці пагодзяцца тыя дзяржавы, якія наклалі замарозку, размарозіць частку гэтых сродкаў для выплат.
«Мы робім тое, што можа рабіць кожны чалавек — падаём у грамадзянскі суд»
Зянковіч заявіў, што ўжо супрацоўнічае з Беларускім домам у Варшаве, «Кіберпартызанамі» (для праверкі фактаў і пошуку адказных), Асацыяцыяй палітвязняў у Літве і арганізацыяй Belarus Democracy Institute ў ЗША, якую сам і ўзначальвае.
На пытанне пра каардынацыю дзеянняў з Народным антыкрызісным упраўленнем Паўла Латушкі юрыст адказаў, што пакуль не кантактаваў з ім, але гатовы да супрацоўніцтва. Пры гэтым ён падкрэсліў розніцу ў падыходах: НАУ дабіваецца крымінальнага пераследу, у той час як яго пазовы — грамадзянска-прававыя, скіраваныя на фінансавую кампенсацыю.
— Мы робім тое, што можа кожны чалавек — падаём у грамадзянскі суд і патрабуем, каб людзі заплацілі з уласнай кішэні за тое зладчынства, якое яны здзейснілі, — падсумаваў былы палітвязень.
Як на справу паўплывае Трамп?
Зянковіч не лічыць, што нядаўняя тэлефонная размова Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля якога амерыканскі лідар назваў яго «вельмішаноўным прэзідэнтам Беларусі», можа перашкодзіць справе. На думку экс-палітвязня, гэта быў прагматычны палітычны ход.
— Гэта стыль палітыкі прэзідэнта Трампа. Ён вельмі моцны перамоўшчык, вельмі моцны бізнесовец. І ён ведае, што, каб дабіцца выніку, трэба сказаць некалькі прыемных словаў свайму суразмоўцу. Яму гэта нічога не каштуе. Калі ў абмен на тое, што ён назваў Лукашэнку «вялікім лідарам», выйдуць 1300 чалавек, то я лічу, што гэта абсалютна нармальная цана — сказаў Зянковіч і дадаў, што ўдзячны Трампу за сваё вызваленне і тое, што пытанне беларускіх палітвязняў вынесенае на найвышэйшы міжнародны ўзровень.
Чытайце таксама