Сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і на валютным рынку асцярог не выклікае, але «ёсць недапрацоўкі». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 верасня на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Палітык нагадаў, што з моманту прызначэння Рамана Галоўчанкі кіраўніком Нацыянальнага банка прайшло паўгода, піша БЕЛТА. І тады былі дадзеныя канкрэтныя даручэнні, перш за ўсё — узмацніць ролю банкаўскай сістэмы ў падтрымцы эканомікі. Таксама была пастаўленая задача актыўнага ўкаранення лічбавых тэхналогій і ўмацавання інфармацыйнай бяспекі.
— Як мне дакладваюць, у цэлым сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і на валютным рынку асцярог не выклікае. Але на гэты момант зроблена не ўсё, ёсць недапрацоўкі, — адзначыў Лукашэнка (цытата паводле БЕЛТА).
Сярод прэтэнзій ён назваў тое, што банкіры «то старыя даляры не прымаюць, то навязваюць паслугі».
«Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна пацягне дысцыплінарную адказнасць кіраўніка банка. Крыўдзіць людзей нейкімі надуманымі пытаннямі нельга», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, некаторыя банкі адмаўляюцца прымаць банкноты, якія візуальна не выглядаюць пашкоджанымі, то-бок не маюць нейкіх відавочных дэфектаў. З ліпеня 2023 года большасць фінустановаў пачала прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце. Для гэтага распрацавалі адзіны пералік прыкмет плацежнасці грашзнакаў, яго ўхваліў Нацбанк.
З 1 лютага 2024 года банкі ўвялі змяненні ў адзіныя правілы абмену валюты. Да гэтых новаўвядзенняў тады далучылася большасць фінустановаў. Планавалася, што пасля гэтага ў некаторых выпадках прадаць замежныя грошы будзе прасцей. Да прыкладу, банкі перасталі прымаць для абмену банкноты з адным надрывам або надрэзам даўжынёй да 10 мм (раней — максімум 5 мм).
Гэтыя змены звязаныя ў тым ліку з санкцыямі супраць Беларусі, яны абмяжоўваюць магчымасці банкаў вывозіць старыя даляры і еўра, праблема іх назапашвання ў банкаўскай сістэме застаецца актуальнай. І хоць планавалася, што новаўвядзенні дазволяць выключыць сітуацыі, калі банкі па-рознаму ацэньваюць плацежнасць банкнот наяўнай замежнай валюты, на практыцы па-ранейшаму сустракаюцца такія сітуацыі. Нават у адным банку могуць адмовіцца прымаць валюту для абмену праз яе выгляд, а ў другім — забяруць.
У сакавіку 2025 года старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка заявіў, што ў Беларусі няма абмежаванняў на прыём даляраў старога ўзору.
— Магу з усёй адказнасцю заявіць, што ў палітыцы валютна-абменных аперацый з фізічнымі асобамі ніякіх абмежаванняў або змяненняў не ўводзілася, не ўводзіцца і ўводзіцца не будзе. У нас няма ніякіх інструкцый ці абмежаванняў што да прыёму тых ці іншых даляравых купюр, звязаных з іх годам выпуску. Цыркулююць і тыя, і тыя. Банкі абавязаныя прымаць і прымаюць купюры любога ўзору, калі яны плацежаздольныя, то-бок маюць прыкметы плацежаздольнасці, — сказаў Раман Галоўчанка.