Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў адмову Мікалая Статкевіча пакідаць краіну, заявіўшы, што таго «забралі ў Беларусь». Пры гэтым ён не прывёў ніякіх падрабязнасцяў пра месцазнаходжанне палітыка і яго лёс. Чаму Лукашэнка ўнікае гэтай інфармацыі і што стаіць за яго туманнымі фармулёўкамі? Пра гэта «Люстэрка» спытала палітычнага аналітыка.

Аляксандр Лукашэнка 17 верасня на сустрэчы са сваім ідэалагічным актывам сам закрануў тэму Мікалая Статкевіча, хоць яго пра гэта наўпрост не пыталі. На думку палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, гэта паказвае, што сітуацыя з палітыкам стала для ўладаў праблемнай і рэзананснай.
— Тэма закранае Лукашэнку, ён адчувае, што ёсць вялікі рэзананс. Хоць ніхто яго за язык не цягнуў. Лукашэнка ў складаным становішчы: з аднаго боку, не можа адмаўляць, што Статкевіч у турме, бо дадому той не вярнуўся. А з іншага — і наўпрост пра гэта не хоча гаварыць, — лічыць аналітык.
Эксперт лічыць, што адна з прычын такой таямнічасці — нежаданне псаваць піяр-эфект ад угоды па вызваленні вязняў. Прызнанне, што аднаго з вызваленых адразу ж вярнулі назад у калонію, цалкам разбурае гэты вобраз.
— Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант падае працэс вызвалення менавіта як праяву гуманізму. Але які ж гэта гуманізм, калі чалавека зноў адправілі за краты? Прызнаць гэта — значыць кінуць цень на свой так званы гуманізм. Таму Лукашэнка і не хоча наўпрост казаць пра гэта, — тлумачыць суразмоўца.
Мікалай Статкевіч сваёй адмовай пакідаць Беларусь зламаў сцэнар, падрыхтаваны ўладамі, упэўнены Класкоўскі. Аналітык лічыць, што гэта моцна раззлавала Лукашэнку, бо была сапсаваная прыгожая карцінка для заходніх партнёраў:
— Яму прыкра, што трохі сапсаваны сцэнар актыўнага працэсу наладжвання адносін са Злучанымі Штатамі. Гэта зрабіў чалавек з характарам, упарты. Ён навязаў сваю гульню. З пункту гледжання Лукашэнкі, гэта будзе кепскім прыкладам для іншых, бо ўсе тады пачнуць спрабаваць адстойваць свае правы.
Суразмоўца перакананы, што калі б улады пакінулі Статкевіча на волі ў Беларусі, Лукашэнка ўспрыняў бы гэта як асабістую паразу. Менавіта таму такі варыянт для ўладаў непрымальны. Яны не чакалі такога развіцця падзей і разлічвалі, што, даставіўшы Статкевіча ў аўтобусе з зачыненымі дзвярыма проста да мяжы, не пакінуць яму выбару.
— Відаць, Лукашэнка з кіраўніком КДБ Іванам Церцелем вырашылі, што ўсё пройдзе без перашкод. Яны думалі, што запакавалі палітвязняў у аўтобусы з зачыненымі дзвярыма, давезлі да Літвы — і куды яны падзенуцца? А тут, бачыце, чалавек знайшоў выйсце, проста фізічна высадзіў дзверы і зрабіў па-свойму. Такіх дзеянняў яны, вадаць, не прадбачылі. Таму і дараваць не могуць, — заключае Аляксандр Класкоўскі.
Чытайце таксама