43-гадоваму Яўгену Краснянскаму вынеслі прысуд за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі. Яго асудзілі на сем з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф — 25 тысяч рублёў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

8 жніўня 2025 года Мінскі гарадскі суд прызнаў мужчыну вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Канчатковы прысуд вынесены праз складанне пакаранняў па двух артыкулах. Паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве) яго асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Па ч. 1 арт. 243−3 КК (Ухіленне ад выплаты страхавых узносаў, якое прывяло да шкоды ў асабліва буйным памеры) — прызначылі шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф у 25 тысяч рублёў.
Раней Следчы камітэт паведамляў падрабязнасці пераследу Краснянскага. Ведамства сцвярджала, што мужчына падрыхтаваў для адной з замежных арганізацый даследаванне, якое змяшчае «загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы мер, што прымаліся ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй».
Сілавікі паведамлялі наступнае:
«Дадзены сацыялагічны аналіз нібыта складаўся ўзначаленай ім кампаніяй, якая не мела акрэдытацыі для вывучэння названых пытанняў. Пры гэтым абвінавачаны фактычна не праводзіў аналітычнай працы ў галіне гэтай тэмы, а на падставе асобных звестак, размешчаных у адкрытых крыніцах, падрыхтаваў ангажаваныя і адпаведныя запытам „заказчыка“ вынікі для наступнага іх выкарыстання на шкоду нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы».
Вядома, што разам з Яўгенам Краснянскім былі затрыманыя дзве жанчыны: мінчанкі 37 і 43 гадоў. Яны нібыта праводзілі сацыялагічнае даследаванне пра наяўнасць сімпатый сярод грамадзян што да развіцця краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрапейскага саюза. Каб прыйсці да пажаданага выніку, жанчыны нібыта апытвалі прадстаўнікоў фокус-групы, якія мелі «загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу». Прысуды жанчынам невядомыя.