Пра новую тактыку сілавікоў у дачыненні да былых палітвязняў і беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, расказаў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Да праваабаронцаў паступае інфармацыя пра тое, што апошнім часам сілавікі «ўзмацнілі ціск» на актывістаў, якія пакінулі краіну. Яны спрабуюць даведацца пра жыццё і актыўнасць палітэмігрантаў з дапамогай іх сваякоў і сяброў, якія засталіся ў Беларусі.
«На скрыншотах, што трапілі да нас, бачна, што былым палітвязням пішуць іх знаёмыя ці суседзі з Беларусі, з якімі тыя не мелі кантактаў доўгі час, і амаль адразу спрабуюць даведацца пра навіны ў палітычных колах і пра тое, праз каго і як можна далучыцца да розных палітычных структур», — расказалі ў «Вясне».
Акрамя таго, людзям і далей наўпрост пішуць прадстаўнікі КДБ і запрашаюць «пагаварыць на выгадных умовах».