Калі з боку Польшчы ўзмацняецца кантроль на мяжы з Беларуссю і затрымліваецца больш нелегальных мігрантаў, «службы Лукашэнкі вырашаюць узмацніць ціск» на мяжу. Такую заяву зрабіў кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі, піша Onet.

Паводле чыноўніка, цяпер сітуацыя здаецца спакайнейшай, чым некалькі тыдняў таму. Пры гэтым адчуваецца ціск з Мінска.
«Мы бачым, што чым больш закрытымі мы становімся і чым больш незаконных мігрантаў затрымліваем, тым больш службы Лукашэнкі вырашаюць узмацняць ціск на сваім першапачатковым кірунку», — заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі.
Чыноўнік лічыць, што «ціск расце, бо расійскія і беларускія службы бачаць, што Польшча выяўляе і закрывае сістэмы перакідвання нелегальных мігрантаў».
«Сапраўдная бітва за бяспеку Польшчы разгортваецца на нашай усходняй мяжы. Якімі б ні былі нашыя эмоцыі, мы заўсёды мусім памятаць, што маем дачыненне з тэатрам ваенных дзеянняў. Я заўсёды буду падкрэсліваць, што на ўсходзе ёсць краіны, якія арганізуюць нелегальную міграцыю», — заявіў міністр.
Марцін Кервіньскі таксама выказаўся пра дэпартацыю беларусаў і ўкраінцаў пасля канцэрта Макса Каржа.
«Мы — гасцінная краіна. Мы падтрымліваем Украіну і робім усё магчымае, каб яна перамагла ў гэтай вайне. Аднак калі хтосьці парушае наш закон, незалежна ад грамадзянства, яму можа быць адмоўлена ў статусе госця ў Польшчы», — заявіў кіраўнік МУС.
Нагадаем, чарга з легкавога транспарту і аўтобусаў перад уездам у Польшчу стала крытычнай больш за тыдзень таму. У некаторыя моманты яна набліжалася да адзнакі ў 5 тысяч аўто. На раніцу 25 жніўня чарга з легкавікоў і аўтобусаў на выезд у Польшчу пачала скарачацца. Але, як паведамілі ў Дзяржпамежкамітэце, за два выходныя дні польскі бок прыняў толькі траціну аўто ад нормы.