Калі чалавек у Беларусі вырашыў «з лянівай цікаўнасці проста пачытаць забароненыя каналы», адказнасць за гэта яму не пагражае. Пра гэта паведамлялася ў артыкуле пад загалоўкам «Як не стаць экстрэмістам», які 25 жніўня быў апублікаваны на сайце МУС. Пазней гэты фрагмент з публікацыі выдалілі.

У матэрыяле за аўтарствам міліцыі Брэсцкай вобласці паведамлялася, што, «калі вы вырашылі з лянівай цікаўнасці проста пачытаць забароненыя каналы, прызнаныя экстрэмісцкім матэрыялам, крымінальная ці адміністрацыйная адказнасць за гэта вам не пагражае».
«А вось за розную прапаганду — зліў звестак, рэпосты, каментары, аказанне падтрымкі ў папулярызацыі канала, фінансаванне — прадугледжаная адказнасць згодна з дзейным заканадаўствам», — заявілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Артыкул з гэтым фрагментам быў апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных справаў 25 жніўня. На наступны дзень на яго звярнулі ўвагу незалежныя СМІ. Неўзабаве фрагмент пра адсутнасць адказнасці за чытанне «з лянівай цікаўнасці» забароненых каналаў знік з размешчанага матэрыялу. Аднак першапачатковую версію артыкула ўсё яшчэ можна прачытаць у дзяржаўных СМІ, якія перадрукавалі матэрыял у першапачатковым выглядзе.