Прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоль Котаў пасля прыбыцця ў Стамбул паляцеў у турэцкі горад Трабзон, а потым пакінуў краіну па моры. Пра гэта паведамляе турэцкае агенцтва IHA.

«Котаў прыбыў у Стамбул з Варшавы 21 жніўня ў 13.49. А потым у той жа дзень вылецеў у Трабзон і адтуль пакінуў Турцыю праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам у 18:35», — паведаміла агенцтва.
Куды менавіта мог паплысці Котаў, агенцтва не паведамляе. Увесну гэтага года Турцыя планавала запусціць марскі рэйс Трабзон — Сочы, але планы былі перанесеныя. Пакуль рэгулярныя паромныя пераправы з Трабзона не працуюць, можна толькі замовіць прыватны катар ці лодку.
Нагадаем, прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоль Котаў з 21 жніўня не выходзіць на сувязь. Са словаў калег, 45-гадовы мужчына паляцеў з Польшчы ў Турцыю і знік.
Якія версіі таго, што здарылася, ёсць у блізкіх?
Паводле сябра сям'і, у блізкіх Котава ёсць некалькі версій таго, што адбылося, але «яны не хочуць спекуляваць на гэтай тэме, бо маглі быць розныя сітуацыі».
— Анатоль мог проста згубіць тэлефон, ці з ім магло здарыцца нешта іншае, не звязанае з палітыкай. Але ёсць і версія, што яго маглі затрымаць, бо Турцыя — небяспечная краіна для актывістаў, і пра гэта чамусьці ўсе забываюць. Тым больш што Котаў знаходзіцца ў вышуку [у Беларусі] і завочна асуджаны на 12 гадоў. Але таксама на гэты момант у нас няма ніякай інфармацыі пра тое, што з Беларусі паступалі якія-небудзь запыты наконт яго ў Турцыю, — адзначыў у гутарцы з «Люстэркам» сябар сям'і.
Хто такі Анатоль Котаў?
Анатоль Котаў — былы беларускі чыноўнік і спартыўны функцыянер. Працаваў у МЗС Беларусі, Адміністрацыі Лукашэнкі, амбасадзе Беларусі ў Польшчы. А таксама быў генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
У жніўні 2020 года Котаў звольніўся з пасады ў Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі на знак пратэсту супраць гвалту і з’ехаў у Польшчу, дзе далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Аднак потым сышоў адтуль. Апошнім часам працаваў у івэнт-агенцтве Terra Group і ў БФСС.
8 ліпеня 2024 года Анатоля Котава завочна прызналі вінаватым у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, кіраўніцтве «экстрэмісцкім» фарміраваннем, спрыянні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Яму прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі.