Палітвязень Андрэй Паднябенны, пра смерць якога ў магілёўскай калоніі № 15 стала вядома ў пачатку верасня, быў знойдзены павешаным. Пра гэта паведаміла ў сацсетцы «Аднакласнікі» маці вязня Валянціна.

Пост, з якога вынікае, што Андрэя знайшлі павешаным, жанчына апублікавала раніцай 10 верасня.
Як піша «Радыё Свабода», у афіцыйных дакументах прычынай смерці палітвязня пазначанае ўдушша. Паводле інфармацыі выдання, Андрэя ўжо пахавалі.
Нагадаем, пра смерць мужчыны ў калоніі паведаміла Валянціна Паднябенная. З публікацыі вынікае, што Андрэй памёр 3 верасня. У яго засталіся жонка і маленькія дочкі.
Паднябеннага двойчы судзілі па крымінальных артыкулах. Агулам яму прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Андрэя было расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў ён жыў Беларусі на падставе віду на жыхарства. 5 лістапада 2021 года ён быў затрыманы і заключаны пад варту. У чэрвені 2022 года яго асудзілі на 15 гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (Замах на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 289 КК (Акт тэрарызму) за падпал аўтамабіля начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, праколванне шын 39 тралейбусаў, стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала і чата, а таксама падпал крана на будаўнічай пляцоўцы ў 2019 годзе. Прысуд вынес суддзя Анатоль Сотнікаў.
Пазней Андрэя судзілі яшчэ па чатырох крымінальных артыкулах: ч. 1 і 2 арт.361−4 (Дапамаганне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Усяго па справе было праведзена пяць закрытых судовых паседжанняў. Нават прысуд абвяшчаўся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. У выніку ён быў асуджаны на год і восем месяцаў калоніі строгага рэжыму ў дадатак да 15 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, палітвязень быў аштрафаваны на 1000 базавых велічынь (37 000 беларускіх рублёў). Справа разглядалася ў закрытым рэжыме суддзёй Русланам Царуком.