Сустрэча з Пуціным, на думку Зяленскага, мусіць праходзіць у нейтральнай Еўропе. Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт заявіў журналістам.

«Мы лічым, што справядліва, гэта адзначалі і еўрапейцы, каб сустрэча была ў нейтральнай Еўропе. Бо вайна ва Украіне — і на еўрапейскім кантыненце. Я сказаў, што мы згаджаемся. Швейцарыя, Аўстрыя — мы згаджаемся. Турцыя? Турцыя для нас — гэта краіна NATO і частка Еўропы. І мы не супраць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што «сустрэчы ў Маскве не можа быць».
«Што да Будапешта як пляцоўкі, мне здаецца, што сёння гэта няпроста. Бо ёсць адзінства ўсіх краін Еўропы ў падтрымцы Украіны падчас вайны. І шчыра скажам, Будапешт нас не падтрымліваў. Я не кажу, што палітыка Орбана была супраць Украіны. Але супраць падтрымкі Украіны», — сказаў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт паўтарыў, што пасля званка Трампа Пуціну ў панядзелак у Белым доме ён адразу заявіў пра сваю гатоўнасць да сустрэчы.
«Я адразу адрэагаваў, мы гатовыя. А што, калі расіяне не гатовыя? Еўрапейцы паднялі гэтае пытанне. Калі расіяне не гатовыя, то мы б хацелі бачыць моцную рэакцыю Злучаных Штатаў на гэта. Мы спадзяёмся, што Амерыка будзе рэагаваць», — падкрэсліў Зяленскі.
Нагадаем, сустрэчу Зяленскага з Пуціным анансаваў Трамп. Ён расказаў, што 18 жніўня пасля заканчэння перамоваў у Белым доме патэлефанаваў Пуціну. Паводле канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца, сустрэча мае адбыцца цягам найбліжэйшых двух тыдняў. «Ці хопіць у расійскага прэзідэнта смеласці наведаць такі саміт, мы не ведаем», — дадаў Мерц.
Сярод магчымых месцаў сустрэчы называліся Венгрыя і Швейцарыя.