Пасля сваркі паміж Трампам і Зяленскім падчас сустрэчы ў Белым доме ў лютым каманда амерыканскага прэзідэнта пачала шукаць альтэрнатыву «праблемнаму Зяленскаму». Пра гэта піша The Guardian, спасылаючыся на інфармаванага суразмоўцу.

Як піша выданне, ключавую ролю ў правакаванні канфрантацыі паміж Трампам і Зяленскім у Авальным кабінеце адыграў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. Сітуацыя выглядала крытычнай, і некаторыя ў адміністрацыі ЗША адкрыта абмяркоўвалі, якія механізмы можна выкарыстаць для зрынання ўкраінскага прэзідэнта. Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм публічна заявіў, што Зяленскаму «трэба альбо сысці ў адстаўку і даслаць кагосьці, з кім мы зможам весці справы, альбо змяніцца». Неўзабаве пасля гэтага офіс Вэнса паспрабаваў звязацца з Валерыем Залужным.
Каманда Вэнса «спрабавала выкарыстаць розныя дыпламатычныя і іншыя каналы», каб датэлефанавацца да Залужнага, паведаміла адна з трох крыніц, праінфармаваных пра гэтыя спробы, якія пагаварылі з The Guardian. Залужны адмовіўся адказваць на званок.
Газета нагадвае, што выбары ва Украіне, пакуль краіна знаходзіцца ў стане вайны, праводзіцца не могуць. Аднак усе апытанні паказваюць, што Залужны стане адзіным кандыдатам, які можа быць сур’ёзнай пагрозай для Зяленскага, калі палітыка вернецца.
Экс-галоўнакамандуючы УСУ, а цяпер амбасадар у Вялікабрытаніі Валерый Залужны ніколі публічна не заяўляў пра свае палітычныя амбіцыі і адхіляе практычна ўсе просьбы пра інтэрв'ю.
«Ён шмат разоў казаў, што, пакуль ідзе вайна, мы павінныя працаваць над выратаваннем краіны, а не думаць пра выбары, і гэта не змянілася», — сказала Аксана Тароп, былая журналістка Бі-бі-сі, якая цяпер працуе медыякансультанткай Залужнага. «Ён шмат камунікуе з людзьмі на тэмы абароны і бяспекі, але гэта не мае ніякага дачынення да выбараў», — дадала яна.
Між тым, як сцвярджае The Guardian, ва ўкраінскую амбасаду, размешчаную на захадзе Лондана, прыязджае мноства палітычных паломнікаў, каб прапанаваць свае паслугі, выказаць падтрымку ці паспрабаваць адгадаць, ці збіраецца генерал балатавацца.
Адным з гасцей быў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. На сустрэчы ў лістападзе мінулага года, паводле інфармаванай крыніцы, Ярмак прапанаваў Залужнаму афіцыйна далучыцца да палітычнай каманды прэзідэнта, каб прадставіць адзіны фронт перад будучымі выбарамі.
Залужны адмовіўся. Ён паабяцаў Ермаку, што не будзе публічна крытыкаваць Зяленскага, пакуль ідзе вайна, паведаміла крыніца, а таксама запэўніў, што не будзе ладзіць ніякіх непрыемных сюрпрызаў. «Калі я вырашу пайсці ў палітыку, вы спачатку пачуеце пра гэта асабіста», — сказаў Залужны Ермаку.