Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін разглядае магчымае вяртанне сотняў тысяч вайскоўцаў з вайны ва Украіне як фактар рызыкі для ўнутранай стабільнасці і палітычнай сістэмы краіны. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы, блізкія да Крамля.

Паводле звестак экспертаў, да пачатку 2025 года праз вайну ва Украіне прайшло больш за 1,5 мільёна расіян. Значная частка з іх па-ранейшаму знаходзіцца на фронце, аднак пытанне іх будучай дэмабілізацыі ўжо стала прадметам сур’ёзных абмеркаванняў у вярхах.
Крыніцы адзначаюць, што Крэмль асцерагаецца паўтарэння сцэнара 1990-х гадоў, калі вяртанне ветэранаў з Афганістана прывяло да росту арганізаванай злачыннасці і дэстабілізацыі грамадства. Сёння гэтая рызыка ўзмацняецца яшчэ і маштабамі цяперашняй вайны: у ёй удзельнічаюць сотні тысяч вайскоўцаў, многія з якіх атрымлівалі высокія баявыя выплаты, недасяжныя ў мірным жыцці.
Са словаў суразмоўцаў Reuters, менавіта эканамічны фактар можа стаць крыніцай незадаволенасці. На фронце вайскоўцы і добраахвотнікі атрымліваюць заробкі, што ў разы перавышаюць сярэднія па краіне. Пасля вайны многія з іх пазбавяцца гэтага даходу, што створыць глебу для сацыяльнай напружанасці.
Асобным фактарам рызыкі крыніцы называюць удзел у баявых дзеяннях дзясяткаў тысяч асуджаных, завербаваных у расійскую армію. Паводле звестак адкрытых крыніц, з 2022 года іх колькасць магла скласці ад 120 да 180 тысяч чалавек. У Крамлі разумеюць, што вяртанне гэтай катэгорыі вайскоўцаў у цывільнае жыццё стварае дадатковыя выклікі для праваахоўнай сістэмы і грамадства.
Акрамя таго, эксперты папярэджваюць пра псіхалагічныя наступствы: вялікая колькасць вайскоўцаў вяртаецца дадому з траўмамі і стрэсавымі разладамі, што ўскладняе іх адаптацыю ў мірным жыцці.
Крэмль, паводле звестак агенцтва, разглядае розныя сцэнары паэтапнай дэмабілізацыі і інтэграцыі ветэранаў у грамадства, каб не дапусціць рэзкай дэстабілізацыі. Аднак канчатковых рашэнняў пакуль не прынялі.