У Бярозаўскім раёне пенсіянерка атрымала 10 сутак арышту за спробу сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і паскардзіцца яму на нізкую пенсію, нягледзячы на забарону, піша «Берасцейская вясна».

Візіт Лукашэнкі ў Бярозаўскі раён адбыўся 13 чэрвеня 2025 года. Ён наведаў 927-ы цэнтр падрыхтоўкі і выкарыстання беспілотных авіяцыйных комплексаў, азнаёміўся з вытворчасцю дронаў і сустрэўся з тымі, хто іх вырабляе.
Падчас падрыхтоўкі да візіту «ўручную мылі кароў шампунем у найбліжэйшым саўгасе, уручную палолі кукурузу», пішуць праваабаронцы. У той жа час камунальнікі мылі вуліцы і падфарбоўвалі цэнтр Бярозы, а ўсім астатнім было загадана ў гэты дзень «не высоўваць носа».
Тым не менш адна з бярозаўскіх пенсіянерак, нягледзячы на забароны, паспрабавала прайсці на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, каб паскардзіцца на нізкую пенсію. Аднак сілавікі затрымалі жанчыну, яе адправілі ў ІЧУ Бярозаўскага РАУС на 10 сутак.
Умовы былі звычайнымі для «палітычных»: голыя нары без бялізны, ні перадач, ні вады, з падсяленнем спецкантынгенту, сцвярджаюць праваабаронцы.